Нашая калгасная Атлантыда. «Прэдсядацель» і калгасны космас


Польская этнограф Анна Энгелькінг больш за 15 гадоў даследавала беларускую вёску і яе насельнікаў. У выніку выйшла 800-старонкавая манаграфія з назваю «Калгаснікі». Кніга пра людзей, якіх ва ўласнай краіне саромеюцца і не хочуць пачуць, але якія ёсць неад’емнаю часткаю нашай тоеснасці.

Свет вакол калгасніка

Прафесар Анна Энгелькінг пачала даследаваць беларускую вёску ў 1993 годзе. Гэта была вельмі інтэнсіўная праца: невялікія, па 6-10 асобаў, калектывы ладзілі даследаванні паводле методыкі Маліноўскага – калі даследчык максімальна набліжаецца да супольнасці, якую даследуе, бачыць яе знутры. «Этнограф не можа ператварыцца ў аднаго з тых, каго даследуе. Але ў гэтым працэсе разумення можна вельмі далёка зайсці», – гаворыць спадарыня Энгелькінг. Наколькі далёка? Значна далей за лубочную карцінку, дзе вясковая бабулька спявае на дыктафон даследчыку народныя песні.

Тут адкрываюцца сямейныя таямніцы, вырываецца боль успамінаў пра калектывізацыю, раскулачванне, вайну ды новае – савецкае – прыгоннае права, урэшце і пра развал СССР.

– Не бывае так, што незнаёмаму чалавеку ў першыя паўгадзіны ўсё распавядаюць. Але калі гэтае знаёмства развіваецца, то людзі пачынаюць казаць пра рэчы прыватныя і пра тыя жахі, што перажылі. І часам ты – першая асоба, якой гэта кажуць, і першая гатовая выслухаць.

– Падавалася б, нават кіраўнік краіны – з той жа групы. Мы маем прэзідэнта-калгасніка. Але і гэтага недастаткова, каб калгасніка пачулі? І вонкавы свет, які бачыць калгаснік, для яго, пэўна, хутчэй варожы, чым прыязны?

– Гэта пытанне – ці калгаснікі бачаць вонкавы свет ці некалькі светаў. З аднаго боку, усе маюць дзяцей і ўнукаў у горадзе. І гэта кавалкі вонкавага свету, які ў пэўнай ступені асвоены. Але з іх перспектывы ўсцяж ёсць гэтая апазіцыя «вёска–горад». І свет па-за вёскаю ўспрымаецца як свет, які «не працуе», у сэнсе – не працуе рукамі. Свет, які лічыцца лепшым. Той, да якога заўсёды скіраваныя надзеі тых, хто хацеў бы дабіцца большага поспеху. З іншага боку, гэта свет улады, якую ўспрымаюць у вялікай ступені ў архаічных катэгорыях. Калісьці быў далёкі добры і нават сакральны ўладар-цар, якому кепскія баяры перашкаджалі. І гэты вобраз шмат у чым актуальны і да сёння. Гэта цудоўны прэзідэнт, які нас разумее і плаціць нам пенсію, заўсёды стараецца, каб мы мелі хлеб на стале і каб не было вайны. А калі прыглядзецца да ўлады ніжэйшага звяна, то гэта збольшага такія кепскія чыноўнікі. Галоўным чынам злодзеі і п’яніцы.

«Прэдседацель» і калгасны космас

– Напэўна, не заўсёды так. У вашай кніжцы ёсць нават верш, запісаны на Магілёўшчыне: Ідзе па полі старшыня, / Усюды дбайна аглядае, / Ідзе ў промні заўтрашняга дня / Зямная сіла прарастае.

– Так! Але тут старшыня хутчэй – не свет звонку, а ўнутраны. Бо гэта калгас. Тут мы гаворым пра добрага пана, пра «прэдсядацеля».

– Але «прэдсядацель» – таксама прысланы, прызначаны кімсьці зверху. Як бы добра калгаснік ні працаваў, старшынём ён не стане.

– Часта гэта людзі з таго самага асяродку, з вёскі, якія атрымалі адукацыю ў аграрных універсітэтах. Яны кіруючы гэтымі калгасамі, пераважна шчыра робяць на карысць калгасу. Відавочна, каб паказнікі былі выкананыя. І гэта ўсё ўпісваецца ў існуючую схему, якая мае моцны патрыярхальны аспект. Людзі іх успрымаюць паводле традыцыйнага вобразу добрага пана. Для мяне гэта было шокам і адкрыццём. Калі я пачынала ладзіць даследаванні, то мела ў галаве вельмі негатыўны вобраз калгасу. Такой савецкай інстытуцыі, якая эксплуатуе людзей, а людзі ненавідзяць калгас.

— А гэта не так, бо «без калгасу няма жыцця» – гэтак у вашай кніжцы называецца цэлы раздзел…

– Усё ўзаемазвязана: калгаснікі залежаць ад кіраўніцтва калгасу. Але ёсць і пачуцце, што гэта нейкая агульная справа, на якую ўсе разам працуюць. Яны шчыра клапоцяцца пра тое, каб зямля радзіла. І нават шмат што яны гатовыя рабіць для калгасу добраахвотна. А «прэдсядацель» таксама разумее, што калі не будзе клапаціцца пра людзей, то тыя не будуць працаваць. Гэта істотны хоць і не да канца свядомы аспект функцыянавання гэтай інстытуцыі.

– [жонка старшыні] «кагда он работаў, то знаў толька калхоз. Толька на ноч прыхадзіў. Очань многа ездзіў, всево дабіваўся. Нікагда людзі без зарплаты не сядзелі. І а нём нічога плахова не скажуць, патаму што был поўнасцю аддан рабоце. […] Он очэнь скромный, так я яго пахвалю. Усё што ў нас ёсць, пастроена, пры ім. Все яго ўважалі, і ў раёне, і тут. Ён лучшый у раёне. Школу пастроіў. Заслужаный работнік сельскага хазяйства раённага маштаба. Я яго і мала відзела, ён прэдан рабоце. Яму памагалі учоныя.
– [старшыня] Гэта не глаўнае.
– А што глаўнае?
– [старшыня] Штобы меншэ ўмірала і большэ раждалась. А большэ нічэво не нада. […] Смысл жызні – для чаго-та жыць».

* кніга «Калгаснікі» напоўненая цытатамі беларускіх вяскоўцаў, што прыводзяцца без зменаў – разам з запазычанымі з расейскай, украінскай і польскай мовы словамі.

– Адзін «прэдседацель» выбівае з райвыканкаму дапамогу, бярэ ў лізінг нямецкія камбайны, а іншага і ў канторы не пабачыш. Абодвух – вядома, у рознай ступені – але шануюць. Як такое можа быць?

– Я гэта бачу як пэўны космас, пэўны ўзор парадку. Я не ведаю, ці калгаснікі былі б у стане ўявіць сабе вёску без пана. Гэта як было да вайны – хтосьці тое памятае, хтосьці ведае з аповедаў, што да пана хадзілі жаць, альбо пасвіць кароў, ці збіраць буракі. І за гэта нешта атрымлівалі – нейкія грошы ці нейкія рэчы. Заўсёды, ад часоў паншчыны і пазней, быў гэтая мадэль фальварку. І пасля таго, як цар скасаваў паншчыну, калі сяляне атрымалі свае надзелы, маёнтак дзесьці непадалёк быў. Свет вёскі заўсёды складаўся з сялянаў, паноў і яшчэ габрэяў. Гэта трэці ўдзельнік стасункаў – гандляр і пасярэднік, які купляў-прадаваў і ўводзіў элемент рынкавай гаспадаркі. Гэта стагоддзямі функцыянавала і засталося ў галовах – такая канцэпцыя свету. І таму «прэдседацель» займае ў гэтай сістэме менавіта такое месца. Ён адыгрывае ролю пана, які б ні быў. Бо і паны былі розныя – добрыя і жорсткія.
Яшчэ тое, што для мяне сталася адкрыццём: калі пачаў развальвацца стэрэатып савецкага калгасу, калі людзей пыталі пра старшыню: «а які ваш прэдседацель», то слова, якое найчасцей выкарыстоўвалі, было слова «добры». Верш, які вы цытавалі, напісаў школьны настаўнік. А старшыня гэты – фантастычны, цудоўны чалавек.

Неўзабаве на belsat.eu:

У другой частцы «Калгаснай Атлантыды» чытайце пра тое, чаму Сталін не замяніў Бога, як Гарбачоў стаўся міфічным героем і чаму красці ў калгаса – не грэх.

У трэцяй – чым беларуская вёска на захадзе адрозніваецца ад усходняй ды каму трэба паставіць помнік у цэнтры Менску.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары