«Нашая дзеўка» Святлана Алексіевіч


У дзень, калі Святлана Алексіевіч атрымлівала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, у палешукоў скралі свята. Мая маці расстроілася: «Гэта ж трэба, наша капаткевіцкая дзеўка выбілася ў людзі, а ніяк не пабачыш!»

Маці вырашыла купіць раёнку, мо там што напішуць. Але я ўжо схадзіў на сайт «Петрыкаўскіх навінаў» – Святланы Алексіевіч не існуе. Мы яе прыдумалі.

Пакуль беларускія фэйсбучнікі заўзята вырашаюць, ці беларуска Алексіевіч і ці тое яна сказала ў сваёй лекцыі, палешукі ў сваёй інфармацыйнай цішы збольшага вызначыліся – яна «наша дзеўка». У Петрыкаўскім раёне, дзе яна скончыла школу, – «наша капаткевіцкая дзеўка». У Нароўлі, дзе пісьменніца працавала ў «Прыпяцкай праўдзе», – «наша нараўлянская».

Але во дзіва – былы супрацоўнік рэдакцыі атрымаў Нобэлеўскую прэмію, а дарагая рэдакцыя не напісала ні слова, акрамя ўзгадавання ейнага імя ў раздзеле пра гісторыю газеты, які вісіць на сайце з тых сівых часоў, калі ў Нароўлі з’явіўся першы інтэрнэт. Гэта маразм, які называецца аднолькава ва ўсіх рэгіянальных газетах – «Вы самі ўсё панімаяця».

Сёння ў нашай хаце свята. Не будзе.

12096635_1024860870893602_4874010359498081833_n

Згодна з беларускай традыцыяй, да сёння ў «Прыпяцкай праўдзе» мусіў выйсці дзясятак інтэрвю з людзьмі, якія на ўласныя вочы бачылі нобэлеўскую лаўрэатку, дакраналіся да краёчку ейнага пінжака і сядзелі ў ейным рэдакцыйным крэсле. Абавязкова трэба было змясціць фотаздымак «Святлана Алексіевіч і ветэраны» і кранальны расповед старэнькай настаўніцы, якая навучыла нобэлеўскую лаўрэатку грамаце. А сёння ўвечары на пляцоўцы перад кулінарыяй «Палессе» мусіла адбыцца імпрэза з цётачкамі ў фабрычных нацыянальных строях, з райвыканкамаўскімі чырванашчокімі мужыкамі, з піражкамі і самагонам.

Гэта называецца рэгіянальным святам. Але ў нараўлянцаў і яго скралі. Яны мо пабачаць па «нацыянальным» тэлебачанні некалькі кадраў пра Алексіевіч са Швецыі, і годзе. А свята не будзе. Алексіевіч – гэта вам не хакей.

Няможна біць сваіх

Сустракаю ля крамы дзеда Ганушу. Думаю, пацікаўлюся дзеля эксперыменту, ці ведае дзед пра Алексіевіч.

– Гэта ж наша калінкавіцкая дзеўка!

Чаму б і не? Героі «Чарнобыльскай малітвы» жылі і ў Калінкавіцкім раёне. Пісьменніца сустракалася з імі, пісала пра іх. Як мясцовы краязнаўца Лякін ездзіць па раёне і піша пра маіх землякоў. Чым ён адрозніваецца ад Алексіевіч? Хіба тым, што без нобэля.

Не так даўно пра дзеда Ганушу і іншых палескіх п’якаў я напісаў артыкул. Учора ў тэлефоннай размове пісьменніца Марыя Вайцяшонак, сяброўка Святланы Алексіевіч, выказала мне нязгоду: «Андрусь, няможна пра сваіх такое пісаць. Трэба падыйсці да іх, паразмаўляць, даведацца, чаму яны такім сталі, чым ім дапамагчы».

Сёння я пагаджуся з Марыяй Антонаўнай. Гэтая «нашасць» – нармальная з’ява ў вёсцы. Крывы, сівы – але свой, наш. І яго няможна ганьбіць на ўвесь свет. Прыйсці да яго ў хату і сказаць, які ён паскуда – можна. А выносіць смецце з вёскі – няможна.

Нашасцьвашасць

Аднак філасофская тэорыя «нашасці» ў Беларусі існуе толькі на рэгіянальным узроўні. На ўсю краіну яна не распаўсюджваецца. Пакуль палешукі збольшага прызналі Алексіевіч «нашай дзеўкай», па той бок МКАДа пытанне, чыя яна, толькі вырашаецца.

Я б сказаў, што Беларусь – гэта сукупнасць некалькіх ідэйных вёсак. У кожнай з іх ёсць свае стандартныя наборы прыкметаў для вызначэння нашых-вашых. Не так адказаў на пытанне – не наш, з чужой вёскі. З Алексіевіч усё складана, бо ейны набор адказаў на пытанні не супадае цалкам ні з водным наборам. А з іншага боку, хочацца ж мець аднавяскоўку – нобэлеўскую лаўрэатку!

Таму хто прымае яе, а хто і катэгарычна адмаўляе ёй у «нашасці». Па інтэрнэце блукаюць расчараванні – лекцыя не пра нас, не для нас, не пра маю сям’ю, не пра маю вёску, не па-нашаму. І нос не той, і не з той нагі пайшла. Якая ж яна нашая?

Мы так і жывем у рэгіянальнай «нашасці-вашасці», сярод сваіх і чужых. Працэс аб’яднання беларусаў у агульнанацыянальную «нашасць» не скончаны. Таму на спартовых мерапрыемствах лунаюць розныя беларускія сцягі. Таму калі беларуска атрымоўвае Нобэлеўскую прэмію, не ўсе гэтаму радуюцца.

І дзяржаўныя вертыкалі дзейнічаюць «дзеравенскімі» метадамі: прасоўваць сваіх і замоўчваць навалач з суседняй вёскі. Не, перамагаць маем права толькі мы, у нас манаполія на лідарства!

Шклоўскі пан нашую дзеўку пакрыўдзіў

10646655_1004496172930072_6404717080837985740_n

Мая маці сёння не пабачыць, як капаткевіцкай дзеўцы дадуць нобэля. Яна сказала, што будзе сачыць за навінамі. Напэўна, некалькі кадраў усё-такі ёй дазволяць угледзець. Але гэта будзе не свята. Бо да свята рыхтуюцца загадзя, яго даюць не рэпартажам, а вялікім цыклам радасці, суперажывання і гонару. Тое, што аб’ядноўвае людзей з розных вёсак у адну нацыю.

Я не магу казаць за ўсю Беларусь, але на маім Палессі дзяржаўныя структуры гэтым маразматычным ігнараваннем нобэлеўскай лаўрэаткі сёння прайгралі. Нейкі шклоўскі пан нашую петрыкаўскую, мазырскую, нараўлянскую, калінкавіцкую дзеўку пакрыўдзіў.

Не, прудкаўцы не ідуць на Менск з віламі, але недзе ў глыбіні недаверлівай палескай душы шкловец стаў трохі менш нашым. Няхай бульбу садзіць і траву косіць, як прудкаўскія мужыкі, але нашых дзевак крыўдзіць няможна.

Андрусь Горват, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары