«Нашая армія складалася з прыезджых». Рэпартаж з байцом за ЛНР з Беларусі


Канстанцін Фафанаў з Барысава, які ваяваў на баку ЛНР, распавёў «Белсату», што яго прымусіла далучыцца да сепаратыстаў.

Ніжэй падаем словы аповеду былога ўдзельніка ЛНР.

Арыентаваўся на тыя войны, дзе схадзіў у атаку адзін-два разы, і цябе забілі, а атрымалася, што выжыў. З нашага падраздзялення паранілі толькі тры асобы.

13 чэрвеня ў мяне былі народзіны, там ужо напоўніцу ішла вайна, а мы сядзелі ў мяне ў садзе ў альтанцы, адзначалі. Мяне тут падчапілі, маўляў там вайна, тваіх бʼюць – я ж рускі – а ты тут сядзіш. Я кажу: «Усё, завязваю з бізнесам, грошы заўсёды зараблю, паеду туды».

Прыехаў у Луганск, ён быў увесь разбіты: нідзе няма шкла цэлага, дахі разбітыя, і ўвесь час пад абстрэлам. Была катастрофа: святла няма, сувязі, вады няма, нічога няма. Нікуды не выйсці: крамы разбітыя і зачыненыя, марадзёры вакол нешта цягнуць.

Быў адразу ў батальёне «Заря», там было каля 250 толькі адных сербаў, шмат было людзей з Закаўказзя, большасць нашага войска складалася з прыезджых. То бок мясцовыя самі па сабе не адстаялі б. У нашым падраздзяленні з Беларусі быў я, з Расеі былі, але з Беларусі ўвогуле на нашым баку мала было народу, хіба, на іншым было больш.

Мне распавялі, што будуць арганізоўваць службу РЭБ (радыёэлектронная барацьба), і там патрэбны механік-кіроўца. Мяне туды ўзялі, і ў верасні я быў механікам-кіроўцам на гэтай машыне.

Адкуль зʼявіўся комплекс, на якім я працаваў? Вось гэтага я не ведаю. Гэта правакацыйнае пытанне, задаваць такія нельга. З’явіўся ды зʼявіўся, значыць, быў патрэбны.

Баі скончыліся, былі Менскія пагадненні, пачаліся перамовы, ну і засталіся казакі там на мяжы – дагэтуль стаяць там на адлегласці кожных 200 метраў па лініі судакранання. А я кажу: «Усё, хлопцы, вайна скончылася, мне нецікавыя гэтыя пастраенні».

Я не адразу паехаў дадому. Вайна скончылася, і я хацеў ехаць у Сірыю.

Расея правільна пачала ваяваць: не трэба чакаць, пакуль гэтая зараза прыпаўзе сюды. Яны ўжо большую частку Сірыі ды палову Іраку акупавалі, гэтая «Ісламская дзяржава». І яны са сваймі ідэямі ўжо на Каўказ запаўзлі, у Казахстан, у Дагестан. І што? Яны і сюды прыпаўзуць. Таму іх трэба там знішчыць, не чакаць.

Я ў Маскве двойчы хадзіў у сірыйскую амбасаду, пакінуў свой нумар. Казалі: «Патэлефануем вам, патэлефануем». Не патэлефанавалі. Можа па ўзросце не хочуць мяне браць, хаця ў прынцыпе як сапёр я б прыдаўся.

Спачатку прыехаў сюды, выклікалі ў КДБ. Я туды пайшоў, маўляў маю позву. Супрацоўнік кажа: «Я буду задаваць пытанні, а вы на ўсе іх будзеце адказваць». Я кажу: «Буду адказваць на тыя пытанні, на якія палічу патрэбным». Ён такі: «Не, ты будзеш адказваць!» Я гавару: «Не, я не буду. Як бы ні было, я прымаў прысягу не агалошваць, не казаць. Што трэба скажу, што не трэба – прабачце мяне, не паложана». Я не найміт, я добраахвотнік. Да таго ж указ Лукашэнкі пра тое, што нельга ваяваць за мяжой быў ад 21 ліпеня, а я адтуль зʼехаў ужо 19-га. Так што спазніўся Бацька.

Калі б я не паехаў ваяваць і шмат хто іншы таксама б не паехаў, то Украіна заваявала б Данбас, утапіла б у крыві. Калі б у яе гэта атрымалася, яе б прынялі ў НАТО, і ўжо ворагі – а я лічу НАТО ворагамі – стаялі б ля межаў у Гомельскай вобласці. А каму гэта трэба? Мне гэта зусім не трэба! На маю думку, лепш бы ўжо і Украіны гэтай не было.

Размова была запісаная для выдання «Людскіх справаў»:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў