NASA займаецца вывядзеннем бульбы, якая паляціць на Марс


На рэалізацыю гэтай ідэі накіраваныя даследаванні Міжнароднага цэнтра па вывучэнню бульбы ў Перу.

Спецыялісты NASA ва ўмовах перуанскай пустыні спрабуюць высветліць, які з 4500 наяўных у Цэнтры гатункаў бульбы будзе пасаваць для вырошчвання на паверхні Чырвонай планеты.

«Мяркую, нам удасца знайсці такі гатунак бульбы, які будзе расці ў нізкіх тэмпературах і ва ўмовах нізкага атмасфернага ціску. Менавіта такі гатунак патрэбны на Марсе», – падкрэсліў у інтэрвʼю «The Wall Street Journal» спецыяліст у планетарных даследаваннях з каліфарнійскага цэнтру імя Эймса Крыс Макей.

Даследаванні адбываюцца ў пустыні Пампас дэ ла Джоя – адным з найбольш засушлівых раёнаў на Зямлі, дзе ў год выпадае ўсяго каля аднаго міліметра ападкаў.

Для эксперыменту ўжо адабрана 65 гатункаў бульбы. Калі расліны будуць развівацца нармальна, то іх змесцяць ва ўмовы, якія імітуюць марсіянскія.

Смак у «марсіянскай бульбы» можа быць нетрадыцыйным, папярэджваюць бульбяныя знаўцы. «Не думаю, што на Марсе можна высаджваць бульбу ў адкрыты грунт. Хутчэй за ўсё, расаду прыйдзецца вырошчваць у кантраляваных умовах, пад купаламі», – мяркуе перуанскі даследчык Уолтар Амароса. Іншы перуанскі спецыяліст, Хуліа Валдавія-Сільва, які займаецца ў NASA пытаннямі астрабіялогіі, разлічвае на тое, што «марсіянская бульба» не страціць смак ад перападаў тэмпературы.

ЮВ, belsat.eu, паводле ТАСС

Глядзі таксама
Каментары