NASA ўключыла беларускі касмічны праект у топ-25

video

«Wake up NEO...» – гэта Аляксей Міюсаў, Павел Кумейша, Максім Пілецкі, Аляксандр Мікуліч ды Сяргей Бялько. Фота: Ганна Баранец.

Беларусы прыдумалі як не паўтарыць лёс дыназаўраў. Іх праект усцяж можа падтрымаць кожны: бясплатна ў два клікі.

22–24 красавіка беларускія распрацоўшчыкі ўпершыню прынялі ўдзел у міжнародным хакатоне NASAʼs International Space Apps Challenge, які абʼяднаў 160 лакальных конкурсаў на ўсіх кантынентах. Згодна з рашэннем экспертаў NASA, ІТ-праект «Wake Up NEO…», які мае намер выратаваць свет ад сутыкнення з астэроідам (ці хаця б палегчыць працу астраномаў), трапіў у топ-25 лепшых у катэгорыі «Peopleʼs choice» і выйшаў у паўфінал.

«На самой справе наш праект ўскосна звязаны з абаронай Зямлі», – патлумачыў у размове з dev.by праграміст Павел Кумейша.

«Ён наўпрост вырашае праблему «згубленых» астэроідаў. То бок, калі астэроід змяніў сваю арбіту і згубіўся, то мы можам яго знайсці і вызначыць па змене бляску».

Паводле Паўла, падчас працы над праектам пацвердзілася гіпотэза, што змяненне бляску (частотны спектр крывой бляску) – сваеасаблівых «адбіткаў пальца» астэроіда, паводле якому зніклы астэроід з некаторымі абмежаваннямі можна ідэнтыфікаваць.

Абедзве тэхналогіі могуць у далейшым працаваць у звязку: першая пастаўляе хуткія і якасныя дадзеныя ў сырым выглядзе для нейронавае сеткі. Калі развіць гэтыя ідэі, рэалізаваныя на хакатоне ў выглядзе мадэляў-прататыпаў, і праверыць іх пры «патруляванні» неба, яны здольныя значна аблегчыць кантроль за «мірным небам» нашай планеты.

Сёлета хакатон NASA мае на мэце «пераадоленне прорвы паміж інавацыйнымі распрацоўкамі і іх практычным выкарыстаннем», ён адбыўся ўжо ў пяты раз (упершыню – у Менску). Удзел у ім узялі праграмісты і UI-дызайнеры, фізікі і матэматыкі, дызайнеры і аналітыкі, астраномы, інжынеры і проста неабыякавыя да Космасу людзі – для пошуку інавацыйных рашэнняў глабальных задачаў з выкарыстаннем адкрытага API, распрацаванага ў NASA.

Топ-5 будзе вызначаны падчас народнага галасавання, якое працягнецца да 15 траўня. У дадзены момант «Wake Up NEO…» знаходзіцца на 12-м месцы ў топ-25. Падтрымаць беларусаў можна тут. (Для гэтага трэба завесці рахунак, але сістэма дазваляе галасаваць з яго кожны дзень.)

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары