Нароўля: чыноўнікі-дармаеды і людзі без працы


Што такога хаваюць чыноўнікі Нараўлянскага раёну? Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка не спусцілі справы на тармазах. Нягледзячы на пераслед ды наезд аўтам, яны працягнулі сваё журналісцкае расследаванне.

Многія жыхары Нароўлі – беспрацоўныя, а перспектывы ўладкавацца ў іх – практычна нулявыя.

«Ды няма працы, няма!»

«Пішуць абвестку, прыходзіш – ужо не патрабуюць. Знайсці працу ў Нароўлі вельмі цяжка»

«Закрылі «Крэдыт-банк», я працавала, мяне хацелі скараціць перад дэкрэтам. Закрылі, таксама ўжо няма працы. Куды выходзіць?»

«Увогуле тут мёртва. Увогуле ўладкавацца ніхто з людзей не можа»,

– сведчаць Нараўлянцы.

Ужо год шукае працу ў горадзе і Вераніка Высоцкая.

«Я ўжо гатовая была нават прыбіральшчыцай уладкавацца», – кажа жанчына.

Кравец-закройшчык паводле спецыяльнасці, яна хацела ўладкавацца на «Нараўлянскі завод гідраапаратуры», на якім шыюць спецвопратку. Прадпрыемства на сваёй старонцы ў інтэрнэце пазіцыянуе сябе як фінансава паспяховы завод, які дынамічна развіваецца. Але ў рэальнасці ўсё інакш.

Вераніка Высоцкая: «Там на дадзены момант нічога не зразумела. Кажуць, што яе хутчэй за ўсё яе зачыняць, туды цяпер нікога не набіраюць»

«Белсат»: А што сказалі Вам на «Гідраапаратуры»?

Вераніка Высоцкая: «На «Гідраапаратуры» сказалі, што будзе вядома да першага студзеня – будзем мы набіраць ці не будзем, зачыняць нас ці не зачыняць».

Што ў гэтыя дні ў сталіцы вырашаецца лёс прадпрыемства, якое ўваходзіць у склад «Менскага трактарнага заводу», пацвердзіў нам і яго галоўны інжынер, што праўда, пры гэтым папрасіў не ўключаць камеры.

«Агульная сітуацыя з прамысловасцю ў краіне не ахці. Таму трэба аддаць належнае – урад спрабуе сітуацыю стабілізаваць і палепшыць. Тая ж нашая рэарганізацыя яна дзеля большых прэферэнцый. Мы нібы ў холдынгу, а так, можа будуць больш звяртаць на нас увагі», – спадзяецца Эрык Кулакоўскі, галоўны інжынер «Нараўлянскага заводу гідраапаратуры».

Дагэтуль «рэарганізацыю» перажыло нараўлянскае спажывецкае таварыства – яго абʼядналі з «Прыпяцкім Альянсам», што ў Калінкавічах. Былыя базы, што некалі ламіліся ад прадуктаў, цяпер стаяць закінутыя і пустыя.

«Белсат»: «Мы хацелі запытацца, чаму склады разграбленыя Белкаапасюзу – дзяржаўная маёмасць»?

Працаўніца: «Калінкавічы, яны нас далучылі. Вось усё зачынілі, там і пытайце. Былі склады, было ўсё. Забралі ўсё. Усё закрыта, людзей пазвальнялі».

Але не звальняюць чыноўнікаў, што замінаюць журналістам паказваць сапраўдны стан рэчаў у раёне.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Стужка навінаў