«Народны альбом. 20 год» – першае відэа ў новым складзе!


З’явілася першае відэа з рэпетыцый, на якім можна пабачыць абноўлены склад праекту і ўпершыню пачуць урыўкі абноўленых аранжыраванняў.

Юбілейная версія «Народнага альбома» ствараецца з ініцыятывы тэлеканалу «Белсат» пры непасрэдным удзеле аўтараў праекту: Лявона Вольскага і Міхала Анемпадыстава. У ёй таксама бяруць удзел іншыя музыкі і вакалісты арыгінальнага складу: Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Сяргей Ахрамовіч.

Да іх далучыліся гітарыст Сяргей Канановіч (экс-«Крамбамбуля»), музыкі гурта Apple Tea, струнны квартэт Aquarelle, духавая секцыя пад кіраўніцтвам Пафнуція Кузюкяна (экс-«Ляпіс Трубяцкі») і трыа бэк-вакалістак.

– Я вельмі задаволены, бо праект зараз узбагаціўся фарбамі, на якія раней проста не хапала магчымасцяў: габой, труба, струнныя, клавішныя і шыкоўныя бэк-вакалісткі, – кажа Лявон Вольскі. – Дзякуючы гэтаму зараз з’явіўся такі цікавы кантраст паміж песнямі, якія выконваюць адзін-два чалавекі, і тымі, дзе грае ўвесь ансамбль – атрымліваецца вельмі дынамічна.

4 верасня ў Падляшскай оперы Беластоку адбудзецца прэм’ера юбілейнай версіі.

Значнае палепшанне чакаецца і па візуальнай частцы праекту, за якую адказвае вядомы польскі тэлевізійны рэжысёр Конрад Смуга. Над элементамі мастацкага аздаблення, сцэнаграфіяй і касцюмамі працуюць мастачка Алена Ігруша і Міхал Анемпадыстаў.

Прэм’ера тэлевізійнай версіі праекту мае адбыцца на тэлеканале «Белсат» і афіцыйным канале YouTube напрыканцы верасня. Квіткі на мерапрыемства можна было атрымаць за слушныя адказы на пытанні пра «Народны альбом» – беларуская квота з 300 квіткоў разыйшлася за 2 гадзіны.

Прэм’ера спектаклю «Народны Альбом. 20 год» адбудзецца ў межах фестывалю «Wschód Kultury. Inny Wymiar» («Усход культуры. Іншае вымярэнне»), каардынаванага Беластоцкім цэнтрам культуры і Нацыянальным цэнтрам культуры пры падтрыманні парталу kulturadostepna.pl.

Тэлеканал «Белсат» выступае аўтарам ідэі і выканаўчым прадзюсарам спектаклю. Копрадусарам відовішча з’яўляецца польскі Нацыянальны інстытут аўдыёвізуальны NInA.

belsat.eu

Стужка навінаў