«Народны альбом. 20 год». Выніковы рэпартаж + Фота

video

У Беластоку да 20-годдзя «Народнага альбому» прэзентавалі музычны спектакль паводле кампазіцый з кружэлкі, якая сталася легендарнаю.

Пачынальнікі і новыя сілы

У Падляскай оперы ў Беластоку выступілі 6 выканаўцаў, якія бралі ўдзел у менскай прэмʼеры «Народнага альбому» 20 гадоў таму: Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Аляксандр Памідораў і Сяргей Ахрамовіч. Артыстаў першага складу падтрымалі іншыя музыкі ды два беларускія гурты: «Apple Tea» і «Aquarelle Quartet».

Сцэна Падляскай оперы была абсталяваная ў выглядзе местачковай карчмы на былым польска-савецкім памежжы. Усе артысты гралі людзей, якія апынуліся ў гэтым месцы перад самым пачаткам ІІ сусветнай вайны. Гэтак перад гледачамі зʼявіліся кантрабандысты, шпіёны, настаўнік Рагойша, студэнтка з Варшавы Аліцыя, прыхільнік «Польшчы ад мора да мора» Казік Пясэцкі, працаўнік піларамы Юзік, які «чакае расейскія танкі», і гэтак далей.

Большасць гэтых вобразаў і тэксты адпаведных песень прыдумаў стваральнік канцэпцыі «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў. Прычым ягоныя ідэі ўзніклі цалкам самастойна – без уплыву раманаў Сяргея Пясэцкага, які ў сваіх творах падрабязна апісаў міжваеннае жыццё ў Ракаве – «сталіцы авантурнікаў і кантрабандыстаў» на польска-савецкай мяжы.

Сцэна ў выглядзе карчмы

Сцэнаграфія стварала атмасферу карчмы на польска-савецкім памежжы перад ІІ сусветнай вайной

Лявон Вольскі

Лявон Вольскі ў вобразе польскага шпіёна

Наступны спектакль у Ракаве?

Удзельнік «Народнага альбому» Зміцер Вайцюшкевіч адзначыў, што кожны музыка з праекту марыў бы прэзентаваць спектакль у Беларусі, але гэта немагчыма пакуль зрабіць праз «чорныя спісы».

«Хацелася б выступіць раней, а не праз 10 гадоў на чарговым юбілеі. Гэта ганьба, калі беларускія артысты, якія зрабілі значныя ўнёскі для ўсёй беларускай культуры, незалежнай, а часам і афіцыйнай, не могуць выступаць у сваёй краіне», – падкрэсліў музыка.

Лявон Вольскі зазначыў, што памежжа, пра якое распавядае «Народны альбом», – гэта ўся Беларусь.

«Культура памежжа – гэта, на жаль, культура вайны і прыходу тых ці іншых, і звязаная з гэтым памяркоўнасць мясцовых жыхароў. Некаторыя памежжы зрабілі з гэтага нейкі культ. Мы пакуль не здолелі, але я думаю, у нас гэта ўрэшце атрымаецца, бо цяперашняе памежжа выгаднае – спрыяе гандлю і турызму».

Лявон Вольскі падкрэсліў, што вельмі хацеў бы, каб наступны спектакль паводле «Народнага альбому» адбыўся ў Ракаве.

img_7163_29448419805_o

Сканцэнтраванасць. Трывае рэпетыцыя

У чаканні чарговага шоу

Старшыня грамадскай ініцыятывы «Вольная Беларусь», якая дзее ў Варшаве, Яўген Ціхановіч падкрэсліў: «Кожны з беларусаў, пэўна, ведае «Народны альбом» здаўна. Я яго меў у сваім кампʼютары, але песні там не былі належным чынам падпісаныя. Я сёння ўпершыню паслухаў песні ў такім парадку, у якім яны прадстаўленыя ў арыгінале. Было калярова, цікава, цудоўна. Я чакаю чарговага шоу».

Экс-кандыдат на прэзідэнцтва, былы палітвязень Уладзімір Някляеў заўважыў, што ўзрушаны пасля спектаклю. «Сёння на так званай беларускай эстрадзе, дзе не зразумееш хто якімі галасамі спявае, пануе папса, прычым зусім не нашая, расейская, гасцявая брація тыпу Алы Пугачовай ці Філіпа Кіркорава. Музыкі з «Народнага альбому» – прыгожыя, таленавітыя. Яны павінны на сённяшні дзень вызначаць беларускую масавую культуру, яны павінны быць тварамі нашай краіны, а зусім не тыя людзі, якіх прызначаюць улады».

«Трэба спрабаваць паставіць спектакль у Беларусі»

Дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы распавяла, што прэмʼера «Народнага альбома. 20 год» была вялікай праверкай для незалежнага тэлеканалу.

«Спадарыня міністр, якая была на спектаклі, запыталася: якая тэатральная трупа ўдзельнічала ў імпрэзе? Я адказала, што мы самі сфармавалі калектыў, прычым мусілі гэта зрабіць цягам 2 месяцаў. Міністр толькі шырока адкрыла вочы. Але гэта варта было зрабіць. Я бачу пазітыўны водгук ад людзей і гэта вельмі добрая ўзнагарода», – сказала спадарыня Рамашэўская-Гузы.

Паводле меркавання дырэктара «Белсату», на музычны спектакль паводле «Народнага альбому» ў беларускай сталіцы прыйшло б блізу 10 тыс. чалавек. «Я думаю, што трэба спрабаваць паставіць спектакль у Менску. А чаму не? Ці тут ёсць нешта палітычнае?» – адзначыла спадарыня Рамашэўская-Гузы.

На яе думку, нельга адрываць праект ад гледачоў, дзеля якіх быў створаны. «Народны альбом» паўстаў перадусім для беларусаў і мае для іх асаблівае значэнне, перакананая дырэктар незалежнага тэлеканалу.

Зміцер Вайцюшкевіч

Зміцер Вайцюшкевіч

Аляксандр Памідораў

Аляксандр Памідораў

«Зноў пераканаўся, што жыве Беларусь»

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі і экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч адзначыў: «Народны альбом» – цудоўны спектакль, гэта творчасць вольных і таленавітых людзей, якія любяць Беларусь. Гэты спектакль прывівае любоў да Беларусі. Я яго наведаў і зноў пераканаўся, што Беларусь жыве. А ў нашай дзяржаве можна ставіць пакуль тое, што адпавядае прынцыпу: жыве нашае падданства Расеі. Мне вельмі падабаецца, што музыкі з «Народнага альбому» захапляюць моладзь. Дзякуй ім за гэта».

«Песня з «Народнага альбому» магла б стаць гімнам»

Паводле экс-кандыдата на прэзідэнцтва, былога палітвязня Мікалая Статкевіча, стваральнікі «Народнага альбому» – сапраўдныя героі, якія дбалі пра захаванне беларускай культуры ва ўмовах ганенняў.

«Народны альбом» – шыкоўны праект, які робіць гонар любой краіне. Мой нізкі паклон гэтым людзям і вялікая ўдзячнасць «Белсату» за гэты цудоўны падарунак, адпачынак для сэрца», – сказаў спадар Статкевіч.

Адна з ягоных улюбёных песень – «Край, ты мой край», дзе ёсць словы: «Мы ў шэрых мундурах, пад шэрым крывіцкім небам, перад навалай з Усходу – станем мурам каменным…»

«Я думаю, гэтая песня магла б быць гімнам тых, хто змагаецца за нашую краіну. Гэтыя словы цяпер робяцца зноў актуальнымі. Пуцін вядзе палітыку нібы з першай паловы мінулага стагоддзя. Для нас, магчыма, рыхтуецца сцэнар 1940-га года для краінаў Балтыі: спачатку ізалююць, потым бяруць за горла і прапануюць базы, а потым, абапіраючыся на базы, датэрміновыя выбары або рэферэндум. Гэта ўсё ўжо праходзілі, яны цяпер спрабуюць гэта паўтарыць. Цяпер сапраўды для Беларусі існуе вялікая пагроза з Усходу. А творчасць, песні натхняюць, ствараюць эмоцыі, жаданне змагацца. Гэтым яны неацэнныя», – мяркуе былы палітвязень.

«Народны альбом» – аповед пра гісторыю двух народаў

Дэпутат Сейму Польшчы Робэрт Тышкевіч, які прысутнічаў на спектаклі, падкрэсліў: «Народны альбом» распавядае пра палякаў і беларусаў, якія жывуць разам. Гэта аповед пра спадчыну даўняй Рэчы Паспалітай, якой ужо няма. Падляшша – мініяцюра Рэчы Паспалітай абодвух народаў, многіх культур, канфесіяў, моваў. Гэты праект тут асабліва добра гучыць і знаходзіць тут, на маю думку, натуральны клімат і натуральную сцэнаграфію».

Дэпутат выказаў надзею, што «Народны альбом» не апошні раз быў паказаны ў Беластоку.

Усе фотаздымкі:


Спектакль рэжысёра Конрада Смугі з’яўляецца часткай фестывалю «Усход культуры. Іншае вымярэнне», арганізаваны Беластоцкім Цэнтрам культуры і Нацыянальным цэнтрам культуры пры падтрымцы парталу kulturadostepna.pl. Аўтарам ідэі і прадзюсарам шоу спектакля ў рамах фестывалю з’яўляецца «Белсат», а сапрадзюсарамі Нацыянальны цэнтр культуры і Нацыянальны аўдыявізуальны інстытут.


Віктар Шукеловіч, belsat.eu. Фота: Зміцер Ягораў, Наталля Ягорава

Глядзі таксама
Каментары