«Народ ужо стаміўся быць у ролі дурня». У Арменіі ўсцяж трываюць пратэсты


У Беларусі кошт адной кілават-гадзіны электраэнергіі складае ў сярэднім 1 тыс. рублёў. Уявіце сабе, што тарыфы паднялі на 16 % і новы кошт склаў 1 тыс. 160 рублёў. І каб адмяніць павышэнне, людзі ўжо трэці тыдзень перакрываюць адзін з галоўных праспектаў сталіцы. На першы погляд, неймаверны сцэнар, але менавіта гэтак разгортваюцца падзеі ў Арменіі.

Пратэсты тут цягнуцца з 19-га чэрвеня. Менш як праз 10 дзён, 27-га чэрвеня, прэзідэнт Арменіі Сэрж Саргсьян абвесціў пра намер не павышаць тарыфаў. Частка пратэстоўцаў палічыла гэта перамогаю і сышла з вуліцаў. Тыя, хто застаецца, зазначаюць: дамагаемся таго, каб улады змянілі практыку і перасталі латаць бюджэтныя дзіры за кошт звычайных грамадзянаў.

ІЗАБЭЛА АБГАР’ЯН, САЦЫЯЛЬНАЯ АКТЫВІСТКА, БЛОГЕРКА:

«У Арменіі ёсць атамная электрастанцыя, ГЭСы, мы самыя вырабляем электраэнергію, і гэты кошт надуманы, ён не адпавядае кошту электраэнергіі. І народ ужо стаміўся быць у ролі дурня і плаціць за прыхамаці ды кепскае кіраванне кагосьці».

Агулам сацыяльнае становішча ў краіне жудаснае, тлумачыць «Белсату» сітуацыю ў Арменіі дырэктар Дому правоў чалавека ў Ерэване Мікаэл Даньельян.

МІКАЭЛ ДАНЬЕЛЬЯН, ПРАВААБАРОНЦА, ДЫРЭКТАР ДОМУ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ЕРЭВАНЕ:

«Маленькі заробак. Поўнае бязмежжа паліцыі, карумпаваныя суды. Я называю Арменію вайскова-паліцэйскаю дзяржаваю з крымінальным адценнем. Гэта тое, што адбываецца цяпер у Арменіі, таму любы пратэст мог і можа перайсці ў барацьбу за свабоды».

Паралелі паміж пратэстамі ў Ерэване ды нашымі акцыямі «Стоп-бензін» і маўклівымі пратэстамі не праводзіць немагчыма. Зрэшты, і мясцовыя праваабаронцы праводзяць паралелі паміж Арменіяй ды Беларуссю.

МІКАЭЛ ДАНЬЕЛЬЯН, ПРАВААБАРОНЦА, ДЫРЭКТАР ДОМУ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ЕРЭВАНЕ:

«Саргсьян нічым не адрозніваецца ад Лукашэнкі, ён проста больш шустры. Лукашэнка кажа: дэмакратыя – гэта я. Саргсьян кажа: дэмакратыя – гэта вы дайце грошы, я гатовы будаваць дэмакратыю. Яму даюць грошы ды нічога не змяняецца».

Цягам апошніх 2-ух гадоў кошты на электраэнергію павышаліся двойчы. Запланаваны рост тарыфаў на 7 драмаў стаў апошняю кропляю для армянаў.

За пару кварталаў ад праспекту Баграмяна аб пратэстах нічога не нагадвае. Падобна было ў Кіеве на самым пачатку рэвалюцыі. Праўда, тут вельмі не любяць параўнанняў з Майданам. Зрэшты, відавочна: электрычная напруга перайшла ў сацыяльную.

Аркадзь Несцярэнка, Алесь Баразенка, «Белсат»

Стужка навінаў