Нармальны горад


Вулічныя музыкі вярнулі Менску крыху нармальнасці, зладзіўшы фестываль «Месца пад сонцам».

Тры пляцоўкі фестывалю былі роўна падзеленыя паміж трыццаццю калектывамі і сольнымі музыкамі: флейцістамі, гітарыстамі, выканаўцамі кавераў і тымі, хто грае толькі сваё. Увагу прыцягвалі самыя гучныя альбо самыя экзатычныя. Цяжка было прайсці ля ўвахода ў бар «Бясонне» – слухачоў на тутэйшай пляцоўцы было каля двух-трох сотняў, што адбівалася, натуральна, на дзякаваннях ад публікі. Але зарабіць сёння музыкам было складаней, чым у кожны іншы дзень на менскіх вуліцах.

Арганізатары фестывалю (Менгарвыканкам і Ўпраўленне па ідэалагічнай працы, культуры і справаў моладзі адміністрацыі Маскоўскага раёну сталіцы) вырашылі перадаць заробленыя грошы спартова-рэабілітацыйнаму комплексу, які займаецца развіццём паралімпійскіх відаў спорту.

Тым, хто ў Менск завітаў упершыню, магло падацца, што так штодня і выглядаюць крывыя завулкі Верхняга гораду: адноўленыя сярэднявечныя камяніцы, брукаванка, рыцары, кавалі, ну й, натуральна, музыкі. Але каб не літасцівая мэрыя, наўрад ці яны б сюды дабраліся. Граць на вуліцы? Няма дурняў. Але калі гарадскія ўлады просяць, то можна падумаць.

Сённяшнія выступы менчукі каментавалі па рознаму: ад «першы блін комам» да «амаль як у Парыжы».

Каб заўсёды было як у Парыжы, каб у наш двухмільённік вярнулася жыццё, стрыт-мастакі і вулічныя музыкі павінныя атрымоўваць ад уладаў стыпендыі. Сённяшні фестываль – такая своеасаблівая сесія. І да наступнай заняткі мала хто будзе наведваць.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў