Наркотыкі, серыйныя забойцы, каханне і слоганы Трампа з вуснаў ку-клукс-клану: Каны-2018. Самыя крутыя фільмы


З 8 да 19 траўня на поўдні Францыі праходзіць 71-ы Канскі фестываль. У гэтым годзе ў праграме – новыя фільмы Лярса фон Трыра, Гаспара Наэ, Кірыла Сярэбранікава, Спайка Лі ды іншых. Распавядаем пра самыя цікавыя кінастужкі.

«Лета», рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў

1983 год, лета. малады Віктар Цой (Тэо Ю) знаёміцца з Майкам Навуменкам (Раман Білык з гурта «Звери»), ягонай жонкай Наталляй ды удзельнікамі ленінградскага музычнага андэграунду. Паводле рэжысёра, гэта фільм пра каханне і рок-н-рол. Кінакрытык Антон Долін называе стужку «калектыўным сном пра мінулае».

На жаль, расейскі рэжысёр не змог прыехаць у Каны, каб прадставіць свой фільм: ён знаходзіцца пад хатнім арыштам па рэзананснай справе аб крадзяжы дзяржаўных сродкаў.

«Дом, які пабудаваў Джэк» (The House That Jack Built), рэжысёр Лярс фон Трыер

Новы фільм дацкага кінарэжысёра пасля пяцігадовага перапынку.

У фільме распавядаецца гісторыя пра серыйнага забойцу Джэка. Галоўныя ролі выканалі Мэт Дылан, Бруна Ганц і Ума Турман.

У 2011 годзе Канскі кінафестываль аб’явіў Ларса фон Трыера персонаю нон грата за няўдалы жарт пра тое, што ён «крыху сімпатызуе Гітлеру».

«Чорны К-клансмэн» (BlackKklansmen), рэжысёр Спайк Лі

Палітычная камедыя знятая паводле сапраўднай гісторыі, якая здарылася ў 1960-х у ЗША. Рон Столўарт (Джон Дэйвід Ўошынгтан, сын Дэнзэла Ўошынгтана), дзякуючы свайму напарніку габрэю Фліпу (Эдам Драйвэр) стаў чальцом «Ку-клукс-клану», які «цытуе» прэзідэнта Злучаных Штатаў Доналда Трампа.

Фільм пачынаецца з цытаты-кадра з «Вынесеных ветрам» (Gone with the Wind), у якім Скарлет О’Гара апынулася на вуліцы заваленай трупамі, а над крывавым пейзажам лунае сцяг Канфедэрацыі, адзін з галоўных сімвалаў расізму не толькі мінулага, але і сучаснасці.

«Прыход» (або «Аргазм») (Climax), рэжысёр Гаспар Ноэ

90-я, група маладых людзей збіраецца на тусоўку за горадам, якая павольна ператвараецца ў вечарынку каля катла з сангрыяй, у якую нехта падсыпаў невядомы наркотык. «Гэта занурэнне ў пекла», – кажа пра свой фільм французскі рэжысёр.

Першапачаткова фільм называўся «Душа» (Psyché).

«Халодная вайна» (Zimna wojna), рэжысёр Павэл Паўлікоўскі

Польскі рэжысёр Павэл Паўлікоўскі пачынаў з дакументальнага кіно. Калісьці нават зняў фільм пра Уладзіміра Жырыноўскага. А ў 2015 годзе атрымаў «Оскар» за мастацкую стужку «Іда».

На канскі фестываль ён прыехаў з фільмам пра каханне салісткі народнага ансамбля і немаладога музыкі. Гісторыя адносінаў разгортваецца на фоне халоднай вайны ў 1950-х у Польшчы, Францыі і ГДР.

«451 градус па Фарэнгейту» (Fahrenheit 451), рэжысёр Рамін Баграні

Фільм паводле культавага навукова-фантастычнага раману Рэя Брэдбэры пра таталітарную дзяржаву, у якой забаранілі кнігі. У стужцы распавядаецца гісторыя хлопца, які пасля сустрэчы з прыгажуняй Кларысаю вырашыў пачаць вайну супраць дзяржаўнай машыны.

«Чалавек, які забіў Дон Кіхота» (The Man Who Killed Don Quixote), рэжысёр Тэры Гільям

Галоўныя героі стужкі – дзядуля-вар’ят, які лічыць сябе Дон Кіхотам (Джонатан Прайс) і рэкламны агент, які стаў служкам «рыцара» (Эдам Драйвэр). Яны пераносяцца з XXI стагоддзя ў XVII.

Брытанскі кінарэжысёр Тэрі Гільям працаваў над фільмам пра прыгоды Дон Кіхота і Санча Пансы 19 гадоў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў