«Напрошваецца выснова пра дыскрымінацыю»: Арцыбіскуп Кандрусевіч зноў раскрытыкаваў дзеянні чыноўнікаў


Часта несправядлівыя абвінавачванні часткі ўрадоўцаў у бок каталіцкіх святароў замінаюць стабільнай працы Касцёла і псуюць міжнародны імідж Беларусі, адзначыў мітрапаліт Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрвʼю парталу catholic.by.

Даволі доўга Каталіцкая Царква ў Беларусі пазбягала публічнай палемікі з дзяржавай, аднак нават у гэтым годзе іерарх ужо не першы раз уступае ў завочную дыскусію з дзяржаўнымі функцыянерамі ці звяртаецца да лідараў грамадскай думкі.

Змены да лепшага ці «стабільнасць»?

Пілігрымка ў Будсалве, фота з архіву “Белсату”

У траўні арцыбіскуп выступіў з дакладам у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, у якім выказаў незадаволенасць дзеяннямі і нетактоўнасцю некаторых прадстаўнікоў улады, а таксама заклікаў да рэформы заканадаўства ў сферы адносін паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі.

З таго часу, па словах мітрапаліта Кандрусевіча, зʼявілася надзея на паступовы рух уладаў насустрач Касцёлу.

«Адбылося некалькі сустрэч з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, дзе абмяркоўваліся ўзнятыя мной праблемы. Як мне падаецца, яны былі пачуты і таму спадзяюся на іх вырашэнне. Адносіны Касцёла і дзяржавы не замарожаны і развіваюцца», – сказаў іерарх.

У прыватнасці ён адзначыў «добрае ўзаемадзеянне» у арганізацыі ўрачыстасцяў, а таксама трансляцыю фэсту ў Будславе ў прамым эфіры па дзяржаўным тэлебачанні.

Аднак захоўваецца стары стыль зносін з апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, дадаў мітрапаліт.

Хлусня на дзяржаўным узроўні

Адной з самых галоўных праблемаў іерарх называе неатрыманне замежнымі святарамі дазволу на выкананне святарскіх абавязкаў у Беларусі. Прычым у якасці повадаў для гэтага выкарыстоўваюцца шараговыя парушэнні правілаў дарожнага руху – паводле заканадаўства Беларусі, парушэнне хуткасці два разы ці больш можа стаць прычынай не ўзгаднення далейшай працы.

«Абвінавачванне ў парушэнні хуткасці, аднак, не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. Парадаксальнасць сітуацыі ў тым, што на афіцыйны запыт у МУС Менаблвыканкаму прыйшоў адказ, згодна з якім за названы перыяд у святароў, праца якіх не была ўзгоднена, адсутнічаюць адміністрацыйныя правапарушэнні, якія дазвалялі б гэта зрабіць», – распавёў мітрапаліт Кандрусевіч.

У выніку Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў адклікаў сваё рашэнне аб не ўзгадненні на працу двум замежным святарам з мэтай далейшага вывучэння сітуацыі. Аднак часовае адступленне чыноўнікаў не вырашае глабальнай праблемы.

«Падсумоўваючы сказанае вышэй, сама сабой напрошваецца выснова пра дыскрымінацыю Касцёла… Спадзяюся, што дзяржаўныя ўлады будуць адкрытыя да дыялогу, бо часта адносіны з Касцёлам нагадваюць маналог і нават дыктат», – кажа іерарх.

Чаму беларускім каталікам патрэбныя замежныя святары?

Пілігрымы ў Будславе, архіўнае фота “Белсату”

З 1918 году ва Усходняй Беларусі і з 1939 году ў Заходняй акупацыйныя камуністычныя ўлады займаліся паступовым знішчэннем структураў Каталіцкага Касцёлу, актыўна выкарыстоўваючы эканамічныя, адміністратыўныя і тэрарыстычныя метады знішчэння парафіяў, святароў і актыўных вернікаў.

Была цалкам разгромленая сістэма адукацыі святароў.

У выніку на світанку аднаўлення незалежнасці Беларусі тут жылі ўсяго каля 60 ксяндзоў пераважнага сталага ўзросту – пры тым што вернікі сотнямі тысячаў пайшлі ў новыя і старыя касцёлы, калі такая магчымасць зʼявілася. У Беларусі паўсталі дзве семінарыі – у Горадні і Пінску – аднак яны не могуць самастойна задаволіць патрэбу беларускага Касцёлу ў святарах.

«Нягледзячы на тое, што колькасць замежных святароў з кожным годам скарачаецца (напрыклад, з 2012 да 2016 года іх колькасць паменшылася са 146 да 120 чалавек), кадравая палітыка РКЦ у Беларусі застаецца прадметам крытыкі, і па сваёй стылістыцы і манеры закіды да кіраўніцтва буйной канфесіі маюць незбалансаваны і грубы характар, з ужываннем такіх азначэнняў да дзейнасці святароў, як “дэструктыўная работа сярод насельніцтва“»,піша ў аналітычным артыкуле беларускі эксперт у сферы рэлігіі Наталля Васілевіч.

Адначасова сама дзяржава зусім не спрыяе зʼяўленню большай колькасці беларускіх каталіцкіх святароў – семінарыстам зусім не заўсёды даюць адтэрміноўку ад войска дзеля атрымання ці працягнення вышэйшай рэлігійнай адукацыі.

«У гэтым годзе адзін святар быў выкраслены Упаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў са спісу тых, для каго мы прасілі аб адтэрміноўцы. У дадзены момант ён з’яўляецца дактарантам Грыгарыянскага каталіцкага ўніверсітэту ў Рыме. Таксама ўзніклі праблемы з атрыманнем адтэрміноўкі для семінарыстаў, якія навучаюцца за мяжой. Узнікае лагічнае пытанне: чаму?» – кажа мітрапаліт Кандрусевіч.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары