«Напалеонаўскі землятрус». Рэканструкцыя эпічнай бітвы на Бярэзіне


Беларусы на баку Расейскай імперыі ды войска Напалеона ізноў сутыкнуліся на Беразіне. Маштабная рэканструкцыя лютай бітвы адбылася з нагоды яе 205-годдзя.

Штогод у рэканструкцыі бяруць удзел усё больш аматараў ажыўленай гісторыі вайны 1812-га года з Беларусі, Расеі, Польшчы і іншых краінаў. Сёлета прыбыла нават кавалерыя проста з Францыі!

На традыцыйнае ўшанаванне памяці загінулых сёлета прыехаў і амбасадар Францыі ў Беларусі Дыд’е Канэс, а песні напалеонаўскай эпохі спяваў французскі барытон Алівье Эт.

Традыцыйна на фестывалі на баку французскіх войскаў «змагаецца» шмат рэканструктараў з беларускіх войскаў, якія калісьці падтрымлівалі Напалеона. Таксама ёсць беларускія ўдзельнікі клубаў, якія «ваююць» на баку Рускай арміі. Такім жа чынам сапраўды падзяліліся падчас вайны і вайскоўцы-беларусы: адныя продкі сучасных беларусаў лічылі, што паслабіўшы расейскага імперскага агрэсара праз падтрыманне Напалеона можна будзе адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае ў хаўрусе з Польшчаю. Але частка тагачасных беларусаў трапілі на службу ў расейскую армію і на полі бітвы змагаліся супраць землякоў.

Шмат жыхароў таго ж Барысава з самага пачатку вайны сустракалі з радасцю войскі Напалеона. Расейская ж армія адступала з гораду без бою.

Штогод рэканструкцыя падзеяў каля ракі Беразіны ладзіцца як пафасная бітва, дзе пад залпы артылерыі гарцуе неўміручая кавалерыя ў бездакорна чыстых мундзірах. Гэткая ж неумяручая пяхота смеючыся і нават часам здымаючы ўсё на мабільнік, няспешна страляе, потым імытуе бліжні бой з іншаю, а ў у фінале доўгай баталіі адна армія ўсё ж атрымлівае перамогу над другой.

Глядзіце ўсе фота:

Варта памятаць, што рэальнасць была хутчэй трагічная, чымся пафасная. Абхітрыўшы расейскага адмірала Чычагава, Напалеон усё ж сам пераправіўся і перавёў у іншым месцы на другі бераг баяздольны касцяк сваёй арміі, а потым аддаў загад спаліць пераправы. На беразе і ў вадзе на расправу казакам засталіся тысячы практычна небаяздольных салдат з абозамі, цывільныя ў тым ліку жанчыны са сваймі дзецьмі ды пажыткамі…

Фота і тэкст Вячаслава Радзіміча, belsat.eu

Стужка навінаў