Нападніка на апазіцыйны пікет асудзілі на тры месяцы турмы


У Менску прайшоў суд над хуліганам, які збіў актывіста Руху «За Свабоду».

10 ліпеня падчас парламенцкай кампаніі двое мужчын «моцнага целаскладу» напалі на пікет па зборы подпісаў за кандыдата ў дэпутаты Юрася Губарэвіча. Нападнікі зневажалі нацыянальную сімволіку, выстаўленую на пікеце, абражалі пікетоўцаў, а аднаго – Аляксандра Русевіча – двойчы ўдарылі.

Пікетоўцы выклікалі міліцыю, нападнікаў удалося затрымаць. Паколькі ўдары наносіў толькі адзін з іх – Аляксандр Свірыд – ён і быў змешчаны на два дні ў ІЧУ, пасля чаго выйшаў на свабоду, але трапіў пад следства: арт.339 ч.1 («хуліганства»).

Свірыд: «Я ж не звер, падыходзіць людзей біць»

У суд прыйшло каля дзясятку чалавек, каб падтрымаць пацярпелага, у тым ліку старшыня Руху Юрась Губарэвіч. З боку абвінавачанага – толькі маці. Як высветлілася – нападнік 1989 году нараджэння ўжо мае не адну судзімасць, у тым ліку за «махлярства», ды мае сталыя праблемы з алкаголем, лячыўся ў ЛТП. Працуе аўтамыйшчыкам, жыве з маці і сястрой.

Са словаў Свірыда, зранку 10 ліпеня яны з сябрам выпівалі, на дваіх пайшло дзве бутэлькі гарэлкі. Калі сабутэльнік пайшоў за «дабаўкай» у краму «Еўраопт» на вул.Каліноўскага, сам Свірыд падышоў да пікету, дзе «вісеў бела-чырвоны сцяг і стаяў стол».

«Я падышоў да агітатараў паразмаўляць, – распавядае нападнік, – Кажу, маўляў, чым вам Лукашэнка не падабаецца? Агітатар мне пачаў грубіць, я яго ўдарыў у галаву. Следства паказвае, што і ў тулава, але не памятаю. Я ж не звер, падыходзіць людзей біць. Значыць нешта справакавала. Што? Не памятаю. Самі разумееце, выпіўшы, агрэсія можа быць».

Свірыд: «Маці сказала: «Дурачок…»

Праз два дні нападнік сустрэўся з пацярпелым Русевічам падчас вочнай стаўкі. Там Свірыд прынёс вусныя прабачэнні, а на судзе заўважыў, што Русевіч з выгляду «быў цэлы, без сінякоў».

Калі суддзя Святлана Чараповіч спытала Свірыда, як да ўсяго гэтага ставіцца маці, з якой ён жыве, хлопец адказаў: «Ну што… Сказала: «Дурачок…»

Русевіч: «Я супраць пазбаўлення волі каго-кольвек»

Паводле пацярпелага Русевіча, на момант здарэння чальца ініцыятыўнай групы Губарэвіча, нападніка імаверна справакаваў сцяг. У выніку той спачатку задаваў правакацыйныя пытанні, пасля абражаў, а ў выніку двойчы ўдарыў у галаву кулаком і адзін раз нагой у тулава.

Аляксандр Русевіч вырашыў не прасіць для падсуднага пазбаўлення волі, а толькі штраф у якасці маральнай кампенсацыі: спачатку прагучала сума ў 300, пазней у 500 рублёў. Памочнік пракурора, у сваю чаргу, запрасіла 3 месяцы арышту і грашовую кампенсацыю, згодна патрабаванням пацярпелага.

Губарэвіч: «Караць трэба як мага больш жорстка»

Старшыня Руху Юрась Губарэвіч лічыць, што ў падобных выпадках караць трэба як мага больш жорстка:

«У адваротным разе прыхільнікі рэжыму і «рускага свету» зразумеюць, што апазіцыю можна збіваць і абражаць. Маўляў, апазіцыя паза законам. Калі суд дасць штраф, я буду незадаволены. Ён яго сплаціць, і тое з дапамогай маці, а ўвечары ўжо пойдзе шукаць новых прыгодаў…»

Апаненты паціснулі рукі

Пасля двухгадзіннага перарыву суддзя агучыла прысуд: тры месяцы арышту і 300 рублёў на карысць пацярпелага. Цікава, што пасля агалашэння прысуду Свірыд паціснуў руку Русевічу на знак прымірэння.

Аляксандр Русевіч, які ўжо двойчы губляў працу праз сваю апазіцыйную дзейнасць, а ўлетку яшчэ пацярпеў ад нападу, кажа, што не збіраецца спыняць дзейнасць у Руху.

«Гэта мая прынцыповая пазіцыя», – адзначыў актывіст.

АК belsat.eu

Стужка навінаў