Нападнік на берасцейскіх журналістаў апынуўся былым міліцыянтам, які і раней удзельнічаў у правакацыях


Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава распазналі мужчыну, які напаў на іх. Раней, падчас службы ў міліцыі, ён удзельнічаў у правакацыі супраць мясцовых актывістаў, выдаючы сябе за цывільнага.

Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава 1 чэрвеня, здымалі сюжэт пра шкоду палення, у гэты час да іх пабегла дзіця і пачало замінаць здымаць. Журналісты зрабілі заўвагу, пасля чаго ўмяшаўся невядомы мужчына. Ён пачаў штурхаць журналістаў і абражаць, спрабаваў забраць камеру ды паваліў Алеся Ляўчука на зямлю. У выніку канфлікт вырашаўся ў міліцыі.

Правакатарам, які напаў на журналістаў, аказаўся Уладзімір Бурштын, 1980 г.н., які паходзіць з Маларыцкага раёну Берасцейскай вобласці. У 2011 годзе Бурштын ужо ладзіў правакацыю. Вось што на гэты конт піша Радыё Свабода:

«Буйны штраф – 770 тысяч рублёў – за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і за несанкцыянаваныя дзеянні – такі вырак быў вынесены ў панядзелак судом Ленінскага раёну Берасця грамадзянскай актывістцы Паліне Шарэндзе-Панасюк. Паліну Шарэнду-Панасюк затрымаў 26 сакавіка ў Берасці супрацоўнік крымінальнага вышуку Уладзімір Бурштын. У свой выходны дзень ён праходзіў у цывільнай вопратцы каля Цэнтральнага рынку Берасця, пабачыў на стэндзе бел-чырвона-белы сцяг, пагнаўся за Палінай».

Паліна пазнала Бурштына па фота і распавяла аб тым інцыдэнце belsat.eu:

«Пасля выбараў 2010 года ўсё яшчэ шмат людзей знаходзіцца ў турме. Мы з неабыякавымі людзьмі правялі акцыю каля цэнтральнага рынку. На тумбу прывязалі бела-чырвона-белы сцяг з партрэтамі палітвязняў. За ўсім здалёк назіраў мужчына з торбай (які потым апынуўся тым самым Бурштыном), які затым за мной пагнаўся. Схапіў мяне і не адпускаў пакуль не прыехаў нарад міліцыі. У гэты дзень у Бурштына быў выходны, ён прыйшоў на рынак за пакупкамі, але калі пабачыў наш нацыянальны сцяг, пагнаўся за мной. Сказаў, што не хоча, каб у яго калегаў былі праблемы з-за гэтага сцяга. Сам Бурштын паводзіў сябе вельмі нахабна, і калі прыехала міліцыя, сказаў, што я размахвала рукамі і нецэнзурна лаялася».

Але на судзе, хіба пачытаўшы законы, даваў ужо іншыя сведчанні. Паліна Шарэнда-Панасюк кажа, што Уладзімір Бурштын пакінуў у яе ўражанне слізкага і нахабнага чалавека.

«Да апошняга не хацелася верыць, што гэта нахабная правакацыя, ды яшчэ і з выкарыстаннем дзіцяці. – кажа журналістка Мілана Харытонава – Хаця паводзіны мужчыны ад самага пачатку былі на карысць гэтай версіі – як бы ён ні прыкрываўся дзіцём, пачуцці малога яго цікавілі значна меней, чымся тое, ці маем мы акрэдытацыю і кнігу скаргаў, дазвол на здымкі і пасведчанні. А потым ён увогуле прапаноўваў супрацоўнікам міліцыі сканфіскаваць нашую камеру. Паводзіў сябе нахабна і самаўпэўнена, хапаў мяне за рукі, спрабаваў утрымліваць тэхніку. Мы з калегам не сталі пісаць заяву, спадзеючыся, што розгалас у СМІ прымусіць Бурштына задумацца над выхаваннем дзіцяці. Але мяне вельмі непакоіць, што праваахоўныя органы нічога не робяць з чалавекам, які лічыць, што можа бегаць па горадзе, шукаць «злачынцаў» і затрымліваць людзей, якія яму падаюцца правапарушальнікамі. Раптам заўтра ён вырашыць, што мае права выконваць функцыі хірурга?»

Алесь Ляўчук кажа, што Бурштын спрабаваў па гарачых слядах арганізаваць цэлае расследаванне.

«Паводле нашай інфармацыі, 2 чэрвеня, Бурштын у краме «Алмі», дзе мы працавалі, патрабаваў запісы з камераў назірання. Натуральна, яму іх не далі», – адзначае незалежны журналіст.

Алесь Ляўчук кажа, што пасля апошняга інцыдэнту Бурштын пачаў пісаць шматлікія лісты ў СМІ, у якіх на прыкладзе дадзенага выпадку выстаўляў сябе ахвяраю ды спрабаваў скампраметаваць усе незалежныя медыі ды апазіцыю. Надрукаваў зварот толькі сайт газеты Берасцейскага гарвыканкаму. Гэтае выданне ўжо не ў першы раз палівае брудам тых, хто не падтрымлівае ўлады, звяртае ўвагу Алесь Ляўчук.

Пасля завяршэння кар’еры ў міліцыі спадар Бурштын зарэгістраваў ІП і пачаў здымаць вяселлі і карпаратывы.

Ж.Н., belsat.eu

Стужка навінаў