Напад на гатэль у Егіпце – трое параненых турыстаў


У выніку нападу баевікоў, якія, як мяркуецца, належалі да групоўкі «Ісламская дзяржава», у адным з гатэляў егіпецкага курорту Хургада параненыя тры турысты, паведаміла егіпецкае Міністэрства ўнутраных спраў.

Баевікі, узброеныя нажамі, уварваліся ў рэстаран гатэлю «Bella Vista» і напалі на турыстаў. Усе пацярпелыя – два аўстрыйцы і швед – былі шпіталізаваныя. Саміх нападнікаў забіла паліцыя.

Баевікі мелі намер выкрасці турыстаў, паведамілі Бі-Бі-Сі егіпецкія ўлады. Таксама медыі паведамлялі, што тыя, хто нападаў паднялі сцяг экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава», якая забароненая ў шэрагу краін.

Службы бяспекі працягваюць шукаць іншых магчымых злачынцаў.

Хургада застаецца ў рэжыме павышаных захадаў бяспекі, уезды ў горад перакрытыя.

У чацвер баевікі напалі на аўтобус у Каіры і гатэль, размешчаны непадалёк ад пірамід. Тады пацярпелых не было.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў