Намесніца дэкана хімфаку БДУ распытвае студэнтаў, дзе яны будуць падчас выбараў


Студэнты хімічнага факультэта БДУ звярнуліся да блогера Антона Матолькі з просьбай распаўсюдзіць інфармацыю пра ціск з боку намесніцы дэкана па вучэбна-выхаваўчай працы.

Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Блогер Матолька апублікаваў паведамленне студэнтаў у сваім Твітары.

Таксама студэнты прыклалі скрыншоты паведамлення, якое рассылала Жанна Цабкала. Там указаныя даты, якія ахопліваюць увесь тыдзень галасавання – ад пачатку датэрміновага да асноўнага дня выбараў.

Антон Матолька звярнуўся за тлумачэннямі да спадарыні Цабкала, і яна патлумачыла, што на факультэце такім чынам «звяралі звесткі, хто будзе адсутнічаць у Менску ў гэты перыяд».

«Навошта вы шукаеце падводныя камяні там, дзе іх няма», – сказала яна.

Як адзначаюць прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», «падводныя камяні» як раз у тым, што ў супрацоўнікі вышэйшых навучальных установаў не надзеленыя функцыямі па арганізацыі выбарчага працэсу, а дзеянні спадарыні Цабкала выглядаюць як падрыхтоўка мерапрыемстваў па забеспячэнні яўкі на выбарах.

Праваабаронцы звяртаюць увагу як студэнтаў, так і адміністрацый ВНУ на тое, што права ўдзелу ў выбарах – выключнае права выбаршчыка, ніхто не мае права кантраляваць – дзе, калі і як ён будзе галасаваць.

КА, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў