Намесніку кіраўніка «Менаблаўтатрансу» далі 3 гады абмежавання волі


Суд Першамайскага раёну Менску 15 чэрвеня вынес прысуд у адносінах да былога намесніка начальніка аддзелу арганізацыі ААТ «Менаблаўтатранс».

Першапачаткова яго вінавацілі ў атрыманні хабару, але пасля абвінавачанне перакваліфікавалі ў «атрыманне незаконнага ўзнагароджання» (арт. 433 Крымінальнага кодэксу), паведамляе прэс-служба Менгарсуду.

Суд прызнаў былога намесніка начальніка «Менаблаўтатрансу» вінаватым і прызначыў яму 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады. З абвінавачанага ў прыбытак дзяржавы спагоняць больш за Br 3357, якія былі атрыманыя злачынным шляхам.

Прысуд не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Раней следчыя паведамлялі, што мужчыну абвінавачвалі ў тым, што з 2016 году па верасень 2017-га ён не менш за чатыры разы браў грошы ад прадстаўнікоў перавозчыкаў. Узамен ён падрыхтоўваў дакументы для заключэння дамоваў на пасажыраперавозкі ў прыгарадных кірунках.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў