Намесніка міністра ЖКГ звольнілі за ўчынак, несумяшчальны з дзяржаўнай службай


Анатоль Шагун. Фота telegraf.by

Намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Анатоль Шагун вызвалены з пасады «ў сувязі са здзяйсненнем учынку, несумяшчальнага са знаходжаннем на дзяржаўнай службе».

Адпаведная пастанова Савету міністраў № 455 ад 13-га чэрвеня была апублікаваная 16-га чэрвеня на Нацыянальным прававым партале.

Нягледзячы на гэта, Анатоль Шагун 15 чэрвеня яшчэ ўдзельнічаў у канферэнцыі на тэму камунальных адходаў, арганізаванай газетай «Советская Белоруссия». На сайце Міністэрства ЖКГ у спісе кіраўніцтва яго ўжо няма.

Анатоль Шагун, які да гэтага займаў пасаду начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі міністэрства ЖКГ, быў прызначаны на пасаду намесніка міністра ў 2011 годзе.

4-га траўня Следчы камітэт паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да шасці службовых асоб сістэмы ЖКГ. Гаворка, у тым ліку, вялася і пра намесніка міністра ЖКГ, прозвішча якога не называлася. Службовай асобе было выстаўлена абвінавачанне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

«Намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жадаючы схаваць факты неэфектыўнага і нямэтавага выкарыстання бюджэтных сродкаў і прычынення шкоды дзяржаўнай маёмасці, а таксама недастатковы кантроль за ходам рэалізацыі дзяржпраграмы, арганізаваў складанне і падпісанне заведама фальшывых дакументаў аб выкананні праграмы. Гэта дазволіла схаваць факты невыканання прац і неабходнасць вяртання грашовых сродкаў, выкарыстаных з парушэннем заканадаўства», – гаварылася ў паведамленні.

МЯ, паводле telegraf.by

Глядзі таксама
Каментары