Намеснік кіраўніка Вялейскага райвыканкаму: кожны год збіраем камяні, а яны ўсё адно растуць


12 красавіка ў суполцы «Это Вилейка, детка» зʼявілася інфармацыя, што беспрацоўных і працаўнікоў мясцовых прадпрыемстваў адправілі на палі збіраць каменне.

13 сакавіка гэтую інфармацыю сайту kraj.by пацвердзіў намеснік кіраўніка Вялейскага райвыканкаму Ігар Шэвелёў. Паводле чыноўніка, беспрацоўныя ўжо два тыдні збіраюць каменне. Працаўнікі прадпрыемстваў – два дні.

«У нас ёсць распараджэнне старшыні аблвыканкаму аб шэфскай дапамозе сельгаспрадпрыемства па ўборцы камянёў. І няма нічога страшнага ў тым, што людзі на два дні зʼездзілі ў поле, папрацавалі на прыродзе. Я таксама студэнтам камяні збіраў і нічога!», – заявіў Шэвелёў.

Шэвелеў паведаміў, што камяні збіраюць кожны год, «а яны ўсё адно растуць».

«Людзі не носяць вялікія камяні, гэта робіць спецыяльная каменеўборачныя тэхніка, – удакладняе Шэвелёў. – Тэхніка бярэ камень, пачынаючы ад памераў футбольнага мяча. А дробныя, якія могуць потым трапіць у касілку або камбайн, ужо збіраюць людзі. І гэтыя камяні невялікія, змяшчаюцца ў руку. Спецыяльнай тэхнікі, якая збірала б камяні такога памеру – няма. Асабіста я не сустракаў ні ў вобласці, ні ў краіне».

Беспрацоўная з Вялейкі, якая папрасіла не публікаваць ейнае сапраўднае імя, распавяла kraj.by як выглядае ўборка камянёў.

«На камяні я ездзіла ад біржы працы. У аддзеле занятасці прапанавалі толькі гэта, бо на пасадку елак людзей ужо накіравалі. Выязджаем мы а 8:00 і збіраем камяні да 16:00. З 13:00 да 14:00 у нас абед. Ідзем за трактарам і кідаем у кузаў каменне. Вялікія прыбіраюць мужчыны, жанчыны бяруць лягчэй. Трапляліся ўсякія і па 2-3 кілаграмы. Едзем мы, вядома, ад безвыходнасці, каб хоць нейкую капейку зарабіць», – распавяла жанчына.

ЮВ, belsat.eu, паводле kraj.by

Стужка навінаў