Намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі «Белсату»: Надзеі на крэдыты няма, трэба праводзіць рэформы

video

Апошні рубікон беларускае гаспадаркі пройдзены. Ураду нічога не застаецца, як нарэшце прыслухацца да парадаў незалежных эканамістаў.  Маюць быць рэформы. А з імі – больш незалежнасці прадпрыемстваў ды рост прыбыткаў. План на словах поўны аптымізму. Але якая рэчаіснасць?

Беларусь уваходзіць у новую пяцігодку з найвышэйшым узроўнем запазычанасці ў сваёй гісторыі. Таму вялікай надзеі на замежныя крэдыты няма, трэба праводзіць структурныя рэформы. Гэткаю прамоваю намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Мікалай Снапкоў адкрыў сёння ў Менску канферэнцыю пад назваю “эканоміка Беларусі – зноў перад выбарам”.

Як патлумачыў “Белсату” Мікалай Снапкоў, запланаваныя структурныя рэформы складаюцца з дзвюх частак. Першая – адмовіцца ад дыктавання прадпрыемствам валавых паказнікаў, а даводзіць толькі індыкатыўныя – неабавязковыя да выканання.

Ажыццяўляць планаванне ў рамках дзяржавы – складана. Планаваць трэба ў рамках бізнэс-адзінак. У рамках холдынгаў і прадпрыемстваў, якія, насамрэч, здольныя сфармаваць план — кажа Мікалай Снапкоў, намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Вынікам мае стаць большая свабода дзеянняў для дзяржаўных мэнеджараў на месцах, што дазволіць ім гаспадарыць больш эфектыўна, сыходзячы з найбольш прыбытковай стратэгіі для іхных прадпрыемстваў. На думку ж эканаміста Сяргея Чалага, прыняцце гэтай рэформы тлумачыцца не столькі эканамічнаю, колькі бюракратычнаю логікай.

Перад імі стаіць якое пытанне. На наступны год пры тых параметрах сусветнай эканомікі, якія ёсць, прыйшлося б планаваць спад ВУП. Ва ўмовах дырэктыўнага планавання планаваць спад гэта – кагнітыўны дысананс ва ўсіх, хто гэтыя планы павінен выконаць. Таму, і толькі таму на наступны год гэтыя планы становяцца неабавязковымі — тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы.

Мікалай Снапкоў, аднак, у названую захаду верыць, і каб яна не разбілася аб тэлефоннае права, калі найвышэйшыя чыноўнікі патрабуюць выканання прагнозных паказнікаў нефармальна, плануюць вывесці дырэктарат заводаў з падначалення тых урадоўцаў, якія займаюцца макраэканамічнымі прагнозамі ды рэгуляваннем. І гэта – другая частка структурных зменаў.

Раздзяленне дзяржавы як уласніка і рэгулятара. Гэта – не прыватызацыя. Гэта – раздзяленне функцый, адказнасці і напрамкаў іх дзйнасці — даказвае намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Мікалай Снапкоў.

Але незалежныя эксперты асцерагаюцца, што дасягнуць рэальнага раздзялення кампетэнцыяў у сітуацыі, калі ўся ўлада ў краіне належыць аднаму чалавеку, нерэалістычна. Сяргей Чалы тлумачыць гэтыя змены таксама выключна бюракратычнымі меркаваннямі.

Высветлілася за апошнія гады, што выніковасць працы прадпрыемстваў, якія кіруюцца мінпромам – горшая, чым у астатніх. Таму, каб не адказваць на гэтыя пытанні, вырашылі вывесці гэтыя прадпрыемствы са сваёй падначаленасці і назваць гэта такім прыгожым словам — пераконвае эканаміст Сяргей Чалы.

Штопраўда, нават гэткія пачатковыя рэформы, падобна, імпануюць Сусветнаму банку, які думае, што гэта – лепш, чымся нічога, і спадзяецца, што гэтыя крокі паспрыяюць пачатку больш глыбінных зменаў Беларусі ў будучыні. Таму ўлады спрабуюць далучыць гэтую ўстанову ў якасці саюзніка да перамоваў з Міжнародным валютным фондам – пра новы мульцімільярдавы стабілізацыйны крэдыт.

Тры элементы: урад, МВФ і Сусветны банк павінны сесці за адзін стол і павінны зрабіць праграму, якая дазволіць ня толькі дасягаць індыкатараў, якія фармуе МВФ, але і сфармаваць эканамічную прастору, якая дазволіць нівеляваць сацыяльныя наступствы тых індыкатараў, якія будуць ад нас патрабаваць — пераконвае намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Мікалай Снапкоў.

Ці пагодзіцца Міжнародны валютны фонд даць Беларусі новую пазыку пры такіх абмежаваных рэформах? Гэта, магчыма, больш праясніцца падчас чарговай місіі МВФ, якую чакаюць ужо ў гэтым месяцы. Незалежныя ж эксперты асцерагаюцца, што апісаны план рэформаў насамрэч – свядомая імітацыя. Бо, імаверна, і ўлады разумеюць, што глыбінныя эканамічныя змены – немагчымыя без заведама непрымальных для іх зменаў у палітычнай сістэме кіравання краінаю.

Станіслаў Івашкевіч

Глядзі таксама
Каментары