Намеснік гендырэктара БелАЗа затрыманы за хабар


Ілюстратыўнае фота

Намеснік гендырэктара БелАЗа затрыманы пры атрыманні хабару, паведамілі ў прэс-службе МУС. Акрамя яго затрыманыя яшчэ пяцёра ўдзельнікаў злачыннай групы.

Намеснік генеральнага дырэктара па фінансавай і эканамічнай палітыцы ААТ «БелАЗ» быў затрыманы з доказамі злачынства падчас атрымання хабару 4 ліпеня ў Менску. 1200 долараў яму перадаў прадстаўнік камерцыйнай структуры. Грошы — узнагароджанне за спрыяльнае вырашэнне пытання аб першачарговай аплаце пастаўленай на завод партыі металу.

Імя намесніка праваахоўнікі не паведамляюць. Вядома, што ў гендырэктара ААТ «БелАЗ» усяго іх 9.

На наступны дзень  былі затрыманыя начальнік бюро і эканаміст ААТ «БелАЗ», якія з 8 чэрвеня па 4 ліпеня 2017 года таксама атрымлівалі хабар ад прадстаўнікоў згаданай фірмы ў якасці «падзякі» за станоўчае вырашэнне пытання аб падпісанні дамоваў на пастаўку металу.

Схема дзейнічала з восені мінулага года. Метал для патрэбаў БелАЗа закупляўся па цэнах, якія перавышаюць рынкавы кошт. За гэта прадстаўнікі прадпрыемства сістэматычна атрымлівалі хабар. Іх памер складаў пэўны адсотак ад сумы здзелкі.

Зараз следствам затрыманыя шасцёра ўдзельнікаў злачыннай групы: тры службовыя асобы ААТ «БелАЗ», а таксама трое прадстаўнікоў камерцыйнай структуры.

Заведзеныя крымінальныя справы па арт.430 КК (атрыманне хабару), якая прадугледжвае максімальнае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, і арт.431 КК (дача хабару) — максімальнае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Накладзены арышт на маёмасць, якая належыць фігурантам: шэсць аўтамабіляў прэміум-класа, грашовыя сродкі, сем аб’ектаў нерухомасці.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары