«Нам усім патрэбны кран на кухню»: на знак салідарнасці беларусы раскупаюць у іпэшніка тавар


«Адказвалі ўсім да 4-ай раніцы», – паведаміла жонка бізнэсоўца Алеся Макаева Юлія Сцяпанава.

Пра скасаванне дамовы арэнды з Алесем Макавевым Юлія Сцяпанава паведаміла ў «фэйсбуку»:

«Скончыліся нашыя «мядовыя гады».

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» мела на ўвазе словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «мёду для прадпрымальнікаў больш не будзе». Сцяпанава патлумачыла, што «прыйшлі злыя дзядзькі і далі загад дырэктару рынка жэстачайшэ разабрацца».

Макаеў на працягу апошніх 15 гадоў арандаваў гандлёвае месца на «Ракаўскім кірмашы». Фармальна дамову скасавалі за тое, што была запазычанасць за арэнду. Аднак бізнесовец лічыць, што сапраўднай прычынай быў ягоны ўдзел у акцыях: пасля кожнай да адміністрацыі рынку прыходзілі нейкія людзі і даводзілі, што ад яго трэба пазбавіцца. Прыйшлі і цяпер, пасля акцыі на плошчы Незалежнасці.

Юля Сцяпанава звярнулася да сваіх 3 тыс. сяброў з прапановай набыць у іх нераспрададзены тавар па коштах ніжэйшых за рынкавыя. Пост Сцяпанавай на «фэйсбуку» упадабалі і апублікавалі на сваіх прыватных сценах агулам 521 чалавек. У каментарах раілі перанесці бізнес у інтэрнэт, але большасць пыталася пра краны. Апынулася, што больш за ўсё беларусам не хапае шлангаў і рукамыйнікаў.

Грамадскі дзеяч Андрэй Стрыжак лічыць, што гэта не проста цікаўнасць да таннай сантэхнікі, а акт салідарнасці. Ён спасылаецца на рэакцыю чэхаў на рэпрэсіі пасля «Пражскай вясны», калі звольненыя з працы ўніверсітэцкія выкладчыкі станавіліся шаўцамі. Такія шаўцы былі вельмі запатрабаваныя: людзі хацелі падтрымаць маральна і матэрыяльна тых, хто пацярпеў за свае перакананні:

«Мы нічым не горш за чэхаў можам аказваць салідарную падтрымку, беларусы ў стане самаарганізавацца для дапамогі з тым, хто трапіў у бяду».

Учора ўлады адпомсцілі яшчэ раз: суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў Алесю Макаеву штраф у памеры 45 базавых велічыняў (9 450 000 рублёў) за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў у сувязі з акцыяй 24 лістапада 2015 году на гадавіну рэферэндуму 1996 году.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары