«Нам не даюць працаваць. Прадпрымальнікаў загналі ў кут»


Пусты Ракаўскі рынак у Менску. Сацыяльныя сеткі поўняцца аналагічнымі здымкамі базараў і гандлёвых цэнтраў па ўсёй Беларусі. Паводле лідараў прадпрымальніцкага руху, з новага года ў сувязі з поўнай адменай ільготаў у справе суправаджальных дакументаў на тавары працу спынілі каля 90 % індывідуальных прадпрымальнікаў, што гандлююць адзеннем і абуткам.

Што праўда, згодна з Міністэрствам падаткаў і збораў, сітуацыя – не крытычная. У гэтым месяцы сплочваць падаткі паводле спрошчанай сістэмы зарэгістравалася ўсяго на траціну меней прадпрымальнікаў, чым год таму. А пустыя латкі на рынках улады тлумачаць маразамі ды святамі. Прадпрымальнікі Воршы, аднак, на мінулым тыдні зняпраўдзілі гэтыя заявы, выйшаўшы на акцыю пратэсту.

Сёння каля паўтары тысячы іпэшнікаў з усёй Беларусі сабраліся ў Менску на гэтак званы антыкрызісны форум, зарганізаваны грамадскім абʼяднаннем «Перспектыва», патрабуючы адмены дэкрэту нумар 222 ці хаця б увесці на яго мараторый.

У кулуарах форуму актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў заклікаў прадпрымальнікаў выйсці адстойваць свае правы 18 студзеня на Кастрычніцкай плошчы.

Лідар грамадскага абʼяднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка мяркуе, што, не выходзячы гандляваць і арганізуючы шматлюдныя форумы, ІП прыцягнулі дастатковую ўвагу ўладаў да сваіх патрабаванняў, каб спадзявацца на кампраміс.

«Чыноўнікі кажуць, што мы адпачываем. Даслалі сюды сёння здымачную групу тэлеканалу «ОНТ». Ідзе барацьба нерваў», – тлумачыць Анатоль Шумчанка.

[/vc_column_text][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=_vjFNiwVw48&feature=youtu.be”][vc_column_text]Сапраўды, паводле крыніцаў «Белсату», блізкіх да ўраду, у першыя ж дні новага года пад уплывам масавага закрыцця рынкаў пытанне зноў кулуарна абмяркоўвалася на найвышэйшым узроўні ўладаў.

Вынікам, аднак, стала спроба вельмі абмежаванага кампрамісу. Указу 222 не адмяняюць, але Міністэрства эканомікі прапанавала Вярхоўнаму суду не караць айчынных ІП за фальшывыя сертыфікаты да тае пары, пакуль не будзе даказана, што гэта – іх віна, а не дастаўцаў у Маскве. Прадпрымальнікі, аднак, лічаць, што гэтага – недастаткова і перамовы можна весці толькі аб адным.

«Першае, гэта – накласці мараторый на ўказ 222, за гэты час шукаць жыццяздольныя рашэнні», – зазначае Вячаслаў Піліпук, грамадскае абʼяднанне «Перспектыва».

Дэкрэт Лукашэнкі нумар 222 ад 16 сакавіка 2014 года адмяніў ранейшыя ільготы ў справе неабходнага пакету суправаджальных дакументаў на тавар і забавязаў іх займець на кожную пару шкарпэтак не толькі накладныя аб куплі, але і сертыфікат на адпаведнасць стандартам ЕўрАзЭС.

«Нас паставілі ў такія ўмовы, што прадпрымальнік загнаны ў кут», – абураецца ўдзельнік форуму ІП.

Прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху сцвярджаюць, што на расейскіх рынках, адкуль яны прывозяць айчынным спажыўцам недарагую турэцкую ці кітайскую вопратку, такія дакументы атрымаць праблематычна. Летась улады прыслухаліся і далі гандлярам час распрадаць рэшту тавару, увезенага паводле старых правілаў, але дазвол дзеяў толькі да канца мінулага года.

На сённяшнім форуме прадпрымальнікі заявілі, што працягнуць байкатаваць працоўныя месцы, пакуль іхныя патрабаванні не выканаюць. Прадстаўнік Міністэрства гандлю прапанаваў падаць прапановы ў кансультацыйную групу, але саступкі абяцаў толькі маргінальныя. Напрыклад, падоўжыць крайні тэрмін усталявання плацежных тэрміналаў. Наступны форум, па выніках чаканых перамоваў з уладамі, прызначылі праз два тыдні – на 25 студзеня.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў