Найноўшы беларускі супрацьтанкавы робат праедзе на парадзе ў Менску


«Багамол» – у гонар драпежнага інсекта названы рабатызаваны супрацьтанкавы самаходны ракетны комплекс, які быў распрацаваны кампаніяй «БСВТ – новыя тэхналогіі». Гусенічны дрон можа 24 гадзіны амаль бясшумна вышукваць, а потым знішчаць варожыя танкі, бронемашыны і нават невысока лятаючыя верталёты.

Машына будзе прэзентаваная ў дзвюх варыянтах – з супрацьтанкавымі кіраванымі ракетамі (СТКР) ці з авіяцыйным чатырохрульным кулямётам ГШГ-7,62, паведамляе Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт.

«Багамол» мае гібрыдную сілавую ўстаноўку – дызельны рухавік і электрагенератар. Апошні дазваляе дрону рухацца даволі ціха доўгі час, пры гэтым заставацца «халодным» у цеплавым дыяпазоне.

Поўная вага наладаванай зброяй і палівам машыны – 800 кг. Прабег на адной запраўцы – 100 км.

Элементы штучнага інтэлекту ў камп’ютары дрона дазваляюць яму самастойна распазнаваць варожую тэхніку, пасля чаго адпраўляць інфармацыю аператару, які застаецца на бяспечнай пазіцыі.

Аператар пасля гэтага можа прыняць рашэнне аб знішчэнні. Пры гэтым сувязь з машынай аператар можа падтрымліваць праз лятучы беспілотнік-квадракоптэр, што дазваляе вайскоўцу быць на адлегласці да 10 км ад зоны дзеяння баявога комплекса.

Дальнасць дзеяння сродкаў паражэння, якія стаяць на наземным беспілотніку – да 4 км.

«Выраб амаль на 60 % складаецца з айчынных камплектуючых», – паведамляе сайт Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў