Найміты маюць выехаць з Украіны. Кантактная група падпісала мемарандум


Пасля шасцігадзінных перамоваў кантактнай групы па Украіне ў ноч на суботу ў Менску падпісаны мемарандум аб выкананні палажэнняў пратаколу ад 5 верасня.

Як паведаміў журналістам экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, першым пунктам значыцца «агульнае спыненне выкарыстання зброі».

Мемарандум таксама прадугледжвае спыненне ўкраінскага войска і тэрарыстаў на лініі іх судакранання на 19 верасня, уводзіць забарону на выкарыстанне ўсіх відаў узбраення, прадугледжвае адвод зброі калібрам больш за 100 мм на адлегласць не менш за 15 км ад лініі судакранання супрацьлеглых бакоў, у тым ліку з населеных пунктаў.

Па словах Кучмы, гэтая захада дазволіць стварыць «зону бяспекі» шырынёй не менш за 30 км.

Дакумент таксама забараняе размяшчаць узбраенне ў населеных пунктах, усталёўваць мінна-выбуховыя загародкі, а таксама выкарыстоўваць баявую авіяцыю і іншыя лятальныя апараты, акрамя беспілотнікаў АБСЕ.

У зоне бяспекі плануецца разгарнуць маніторынгавую місію АБСЕ.

Кучма падкрэсліў, што апошнім пунктам мемарандуму значыцца «вывад усіх замежных узброеных фармаванняў, баевікоў і вайсковай тэхнікі з тэрыторыі Украіны». Як заявіў пасол Расеі ў Кіеве Міхаіл Зурабаў, пад замежнымі ўзброенымі фармаваннямі маюцца на ўвазе найміты, якія ваююць з абодвух бакоў.

У перамовах у Менску 19 верасня ўдзельнічалі прадстаўнікі АБСЕ, былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, прадстаўнікі Расеі і сепаратыстычных рэспублік ДНР і ЛНР.

МЯ, belsat, паводле БелаПАН

Стужка навінаў