«Найлепшыя мелодыі – простыя». Гарадзенская званарка распавядае пра сваю працу


Юлія Мінчэнка некалі была адзінай жанчынай-званаркай у Беларусі, цяпер жа – мужчынаў у прафесіі ўсё меней.

На званіцу Свята-пакроўскага сабору ў Горадні падымаемся разам з айцом-настаяцелем па даволі крутой лесвіцы. А. Георгій гэтым часам тлумачыць, што ставаць званарамі лепш за ўсё атрымліваецца ў барабаншчыкаў: праз адчуванне рытму.

Пераадолеўшы апошнюю вінтавую лесвіцу, аказваецмся ў званіцы. «Ну вось, гэта тая самая Юля», – перад тым, як сысці, знаёміць айцец Георгій. Не магу адразу зарыентавацца, хто з двух дзяўчат «тая самая Юля» з 20-гадовым званарскім стажам, а хто – яе вучаніца. Ні на свой узрост, ні згодна суворым «праваслаўным» дрэскодам маладая жанчына ў джынсах і без хусткі дакладна не выглядае.

«Той, хто вывучыўся, але пасля не можа званіць – пакутуе»

Юлія Мінчэнка ў дзяцінстве навучалася ў нядзельнай школе ў Полацку. Там – упершыню пачула як звоняць сёстры, упершыню трапіла на званіцу. Там і адчула пакліканне, як сама прызнаецца.

«У Беларусі з 2000 году існуе школа званароў, – распавядае Юлія, – а я званю з 1993. Калісьці я была адзінай у краіне жанчынай-званаркай, пасля – адзінай у вобласці. Цяпер жа, не ведаю чаму, але жанчыны падцягваюцца да гэтай справы. Як бачыце, таксама дзяўчына прыходзіла вучыцца».

Званарка вучыць у Горадні ўжо сёмы год, забяспечваючы кадрамі мясцовую епархію. Пайсці вучыцца можа кожны, але толькі з блаславення бацюшкі – такое правіла. Юлія ўпэўненая, што навучыцца званіць і не званіць – немагчыма. Бо звон – гэта лад жыцця.

«Сапраўды, пакутуюць вельмі вучні, якія не могуць па розных прычынах атрымаць месца, – тлумачыць Юлія, – То бок ёсць патрэба ўнутраная, але яна не рэалізуецца. Гэта ж не хобі, «так, для сябе», а прафесія, з разлікам, што чалавек будзе званіць у бажніцы, самарэалізоўвацца на гэтым месцы».

«Раней цяжкая атлетыка, а цяпер – гэта мой спорт!»

Званарская праца – гэта не толькі духоўная адказнасць, але яшчэ і рэальны фізічны груз. Дзясятак званоў на саборнай вежы маюць вагу ад 12 кг да 1.6 тоны. За нейкія языкі трэба цягнуць рукамі, у іншым выпадку – ціснуць на механічны педаль ступнёй: усё мае быць хутка і рытмічна.

«Ад юнацтве займалася рознымі відамі спорту, да цяжкой атлетыкі ўключна, – прызнаецца Юлія, – Цяпер – гэта мой спорт. Але і папярэдні досвед прыдаўся, як бачыце. Таму, частку вучняў я прымушаю і з гантэлямі займацца. А мой апошні выпуск – чатыры жанчыны, ніводнага хлопца, уяўляеце?».

Званарка лічыць, што мужчынам часцяком бракуе не фізічнай, а духоўнай сілы. Шмат што звязана з псіхатыпам чалавека. Халерык або сангвінік для такой працы падыходзіць, рэшта – цяжкавата… Але бываюць выключэнні.

«У мінулым годзе я наагул вучыла дзяўчыну з ДЦП, якая наўпрост паставіла сабе мэту: вывучыцца! – распавядае званарка, – І яна забіралася сюды, хадзіла, званіла. Гэта подзвіг! А нехта вучыцца на адным дыханні – вельмі лёгка ідзе».

«Чатырохгадовы сын таксама лезе на званніцу: не звоніць, але прытанцоўвае»

Калі на тыдні няма святаў, то праца ў Юліі пачынаецца з пятніцы і да позняга вечара ў нядзелю. Гэта вельмі напружаныя тры дні з вянчаннямі, службамі і г.д. А ў будзённыя дні – навучанне. Жанчына паціскае плячыма: «Гэта місія. Не скажаш: «Я стамілася, я пайшла…» Зрэшты, ёсць і свае бонусы:

«Больш за 10 год я ўжо не хварэю прастудамі ды бранхітамі, хоць я ўвесь час на званіцы, у адкрытай прасторы, дзе ветрам усё прадзімаецца. Ну а наагул, навукоўцы ж даводзілі, што хвалі ад званоў знішчаюць шмат якія бактэрыі. Я адчуваю моц, якая ідзе ад гэтай працы, ад перабывання тут».

Юлінаму сыну чатыры гады. Па сведчаннях мамы, дзяцюк з задавальненнем лезе з ёй на званіцу. Пакуль не звоніць, але прытанцоўвае: пачуццё рытму ў яго вельмі развітае.

«У прынцыпе не дзіўна, бо ён яшчэ да нараджэння званы мусіў чуць: я ж працавала нават у становішчы, – смяецца жанчына, – Муж пасля падмяняў, калі я ў дэкрэце была год… Я ж яго сама і навучыла!»

На развітанне Юля дадае, што найлепшыя мелодыі – простыя. Чаму? Таму што сапраўдныя.

АК, belsat.eu


Глядзіце ўсе фота:


Стужка навінаў