Найлепшыя і найгоршыя строі цырымоніі «Оскар-2016»


Самая гучная падзея ў кінаіндустрыі? Безумоўна! Але не толькі. Шанец атрымаць статуэтку мае не кожная з запрошаных зорак, але абсалютна кожная без выключэння можа быць заўважанай, дзякуючы выбранай стылізацыі. Вашай увазе найлепшыя і найгоршыя строі на чырвоным дыване 88-й цырымоніі ўручэння кінапрэміі «Оскар».

Каралевай сённяшняй ночы крытыкі амаль адзінагалосна абвесцілі акторку Шарліз Тэран (на здымку вышэй). Зорка фільму «Mad Max», які атрымаў 6 статуэтак, абрала чырвоную сукенку ад дому «Dior». Фенаменальнасці досыць простаму строю дадалі глыбокае дэкальтэ і шлейф.

А вось крытык з выдання «Instyle Fashion» Эрык Ўілсан найлепш апранутай зоркай назваў Кейт Бланчэт, якая ў адрозненні ад Тэран зрабіла стаўку на больш складаную стылізацыю ў пастэльным колеры. На меркаванне Ўілсана, кветкі на сукенцы «Armani» выглядаюць крыху фрывольна, але гэта «менавіта тое, што нам часам патрэбна».

У сваю чаргу ў лік найгорш апранутых трапіла нямецкая топ-мадэль Хайдзі Клюм. Ейны строй нядобразычліўцы параўналі з… мачалкаю. І гэта толькі адно са шматлікіх параўнанняў, якімі крытыкі абдарылі лавандавую сукенку ад «Marchesy».

Не найлепшы строй абрала і сяброўка Леанарда ДыКапрыё Кейт Ўінслет. Крой ейнай сукенкі ад «Ralph Lauren» параўноўвалі з мяшком для смецця, а тканіну – з нафтаваю плямай. Строй апынуўся занадта бліскучым нават для чырвонага дывану і дадаў акторцы непатрэбных кілаграмаў.

Найбольш неадназначныя водгукі выклікала стылізацыя ўладальніцы «Оскара» за «Найлепшую жаночую ролю другога плану» Алісіі Вікандэр. Шмат каму прыйшлася даспадобы жоўтая сукенка «Louis Vuitton», але некаторыя параўналі ейны падол да чахла для коўдры. Тым не менш усе модныя крытыкі пагадзіліся з тым, што 27-гадовая акторка мае ўсе шанцы, каб стаць новаю іконаю стылю з увагі на выгляд і харызму.

Вольга Жарнасек, belsat.eu

Стужка навінаў