«Найлепшы занятак у свеце». Год таму раптоўна і дачасна памёр наш калега мовазнаўца Зміцер Саўка


Год таму памёр заснавальнік моўнай службы «Белсату» мовазнаўца Зміцер Саўка. 

Зміцер Саўка дзівіў і ўражваў. Кожны, хто з ім працаваў ці сябраваў, або нават выпадкова аднойчы сустрэўся, мае ўласную гісторыю здзіўлення ён мог распавесці гісторыю вашага прозвішча, уразіць рэдкім прыгожым словам, трапным жартам ці нечаканым поглядам на звыклую моўную з’яву. Ягоныя інтарэсы ахоплівалі шмат рэчаў – класічны правапіс, тапонімы, практычная стылістыка, Біблія, балтызмы, беларуская лацінка, і ён залучаў у сферу любімага іншых.

Першае ўражанне і ў мяне было здзіўленнем. У 2000 годзе ён прынёс у рэдакцыю «Нашай Нівы» тэкст пра Амерыку, адкуль толькі што вярнуўся, напрацаваўшыся на апельсінавых плантацыях і ў беларускіх архівах. Саўка меў велізарныя планы і шукаў людзей для «ўласнага Інстытуту мовазнаўства».

«Дранікі з колай» апублікавалі, і аўтар патэлефанаваў, каб устурбавана запытацца: ці не выглядае, што апісанне візіту ў нью-ёркскі акіянарыюм – прыхаваны антысемітызм? Я разгарнула свежы нумар:

«Тут былi розныя морскiя вожыкi, невымоўнай разнастайнасцi каралі, зусiм не вядомая мне падводная жамяра (пра банальных рыбак усiх колераў вясёлкi й згадваць не варта). Пакуль мы, я й Вiця Камiнскi, зачаравана назiралi за працэсам дэфекацыi морскай зоркi (калi б вы такое пабачылiне забылi б да вечка труны!), прыйшоў наглядчык-мурын i ўрачыста абвесцiў, што акiянарыюм зачыняецца… Так мы амаль нiчога й не пабачылi».

Прысутныя ў рэдакцыі запэўнілі, што не,і ён уздыхнуў з удаванай палёгкай: бацька Фрыдрых вельмі чуллівы ў гэтым сэнсе, і эпізод яму не спадабаўся.

Пазней Зміцер Саўка не раз будзе правакаваць, дзівіць, абураць, захапляць. Немагчыма было зразумець, як яму хапала часу на ўсё: ён працаваў у медыях і выкладаў, кансультаваў, займаўся навукаю, рэдагаваў кнігі, рыхтаваў грунтоўныя бібліяграфічныя выданні, дасціпна пісаў пра стылістыку, ладзіў Каляды для дзяцей і збіраў подпісы за беларускамоўныя класы і зноў працаваў. Калі спытаешся ў яго, як дае рады, казаў: гэта ж найлепшы занятак у свеце!

Адной з найважнейшых справаў тады была супольная праца з мовазнаўцамі Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Саньком над «Беларускім клясычным правапісам» (2005) шэрай кніжачкай, якая ўнармавала тарашкевіцкі правапіс і зрабілася настольнай для медыяў і аўтараў, што аддавалі перавагу гэтай традыцыі. 

Незадоўга да публікацыі правапісу ён артыстычна выступаў на прэзентацыі кнігі Аляксандра Лукашука «Прыгоды АРА ў Беларусі» з серыі «Бібліятэка Свабоды», дзе распавёў сямейную легенду пра гуманітарную дапамогу амерыканцаў па Другой сусветнай вайне, а таксама казаў, як важна пашыраць прастору беларускай мовы,  праз штодзённую маўленчую практыку кожнага.

«Які нечаканы і цікавы твар у сучаснага мовазнаўства!» – уразіўся тады адзін з свабодаўцаў, і сапраўды – Саўкава экспрэсія, амаль міжземнаморская ў нашых спакойных краявідах, рабіла моцны эфект.

Відаць, не такі і парадокс, што нармалізацыяй правапісу і руплівым парадкаваннем займаўся чалавек, які шмат для каго выглядаў эксцэнтрыкам, калі не шаленцам. Яго гэта ані трохі не бянтэжыла ён не баяўся здавацца «дзівачным» (як сам казаў), адрозным, нават непрымальным. Ягоныя пурыстычныя погляды хтосьці расцэньваў як дыктат «моўнай паліцыі», але Саўкава катэгарычнасць не была зацятасцю – ён заставаўся адкрыты іншым меркаванням, нават неафіцкім і наіўным. Год таму Ілона Урбановіч-Саўка прамовіла фразу, якую я запомніла: найважнейшае, чаму яна навучылася ад мужа, – адкрывацца іншым людзям і прымаць выклікі жыцця.

Дзякуючы Змітру Саўку мы маем грунтоўную сістэму адаптацыі замежных імёнаў і назваў, онлайнавую праверку правапісу «Добрапіс», застаецца навуковая спадчына, якая чакае публікацыі, сярод яе і расейска-беларускі слоўнік. На жаль, шмат якія рэчы папросту не паспелі здзейсніцца напрыклад, дапаможнік па беларускай лацінцы. 

Але добра, што і сёння Саўку можна пабачыць і пачуць – напрыклад, у архівах колішняй праграмы «Моўнік» (Пытаецеся адказваем!

 Аляксандра Макавік, belsat.eu

Стужка навінаў