Найбуйнейшы кампрамат у гісторыі


 Міжнародны кансорцыум журналісцкіх расследаванняў (ICIJ) апублікаваў прэс-рэліз пра афшоры 128 палітыкаў і 29 мільярдэраў.

У расследаванні прымалі ўдзел 370 журналістаў з 76 краінаў свету. Свае высновы журналісты зрабілі, прааналізаваўшы 11,5 млн дакументаў, якія могуць распавесці пра сусветную схему «ценявой эканомікі», у якой бяруць удзел уплывовыя сусветныя палітыкі,бізнесоўцы і нават «сэлэбрыці».

Сваё расследаванне ICIJ называе панамскімі дакументамі – паводле месца рэгістрацыі кампаніі «Mossack Fonseca». Уцечка дакументаў з гэтай кампаніі зрабілася падставаю пачаць журналісцкае расследаванне.

Паводле журналістаў, гэтая кампанія займаецца стварэннем падстаўных фірмаў і карпаратыўных структураў для ўтойвання канчатковых бенефіцыяраў актываў.

У 2014 годзе кампанія «Mossack Fonseca» «засвяцілася» ў амерыканскім судзе. Тады яе абвінавачвалі ў дапамозе экс-прэзідэнту Аргентыны Нэстару Кіршнэру (памёр у 2010-м) адмываць грошы праз фірмы ў амерыканскім штаце Невада.

Пасля пачатку судовага разбіральніцтва «Mossack» адхрысцілася ад сваіх амерыканскіх філіялаў. Працаўнікі кампаніі спрабавалі знішчыць або вывесці частку дакументацыі з юрысдыкцыі ЗША. У выніку ананімная крыніца «зліла» нямецкім журналістам больш за 11 млн дакументаў за перыяд з 1977 года да канца 2015-га.

У дакладзе ICIJ сцвярджаецца, што ў гэтых дакументах фігуруюць людзі «з блізкага атачэння» прэзідэнта Расеі, якія прапусцілі праз афшоры каля $ 2 млрд.

Цалкам імаверна, расейскія ўлады ведалі пра рыхтаванне справаздачы ICIJ, бо 28 сакавіка прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што супраць кіраўніцтва Расеі рыхтуецца «інфармацыйны ўкід».

Пра гэта адміністрацыі прэзідэнта стала вядома на падставе запытаў, якія ў Крэмль адправілі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна тады ўдакладніў, што адзін з такіх запытаў паступіў ад ICIJ.

У атрыманых з ананімнай крыніцы дакументаў журналісты прасачылі ўгоды, да якіх маюць дачыненне прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, кароль Саудаўскай Аравіі Сальман бін Абд аль-Азіз аc-Сауд, прэмʼер-міністры Ісландыі ды Пакістану, сваякі старшыні КНР Сі Цзінь Піна і прэзідэнта Азербайджану Ільхама Аліева.

З найбольш гучных сучасных скандалаў сляды «Mossack Fonseca» прасочваюцца ў так званай справе «Petrobras». Гаворка ідзе пра расследаванне у дачыненні найбуйнейшай нафтавай кампаніі Бразіліі, замешанай у карупцыі з удзелам будаўнічых карпарацыяў і галоўных палітыкаў краіны. Скандал справакаваў палітычны крызіс у Бразіліі ды можа скончыцца імпічментам для прэзідэнта краіны Дыўмы Русэф.

Заснавальнікамі «Mossack Fonseca» зʼяўляюцца два бізнесоўцы Юрген Мосак і Рамон Фансэка. Мосак нарадзіўся ў 1948 годзе ў заходняй Нямеччыне. Ягоны бацька, паводле ICIJ, служыў у СС (у 1960-я гады пераехаў у Лацінскую Амерыку), дзе супрацоўнічаў з CIA.

Фансэка нарадзіўся ў Панаме ў 1952 годзе. Юрыст з адукацыі. Піша кнігі. У 1994 і 1998 гадах быў лаўрэатам Панамскай літаратурнай прэміі імя Рыкарда Міро. Апошняя кніга Фансэкі выйшла ў 2012 годзе ды называецца «Містэр Палітыкус», у якой апавядаецца пра «заблытаныя схемы, якія выкарыстоўваюцца палітыкамі для атрымання ўлады і задавальнення сваіх амбіцыяў».

ЮВ, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў