Найбуйнейшая ў гісторыі параза БАТЭ. Ёсць затрыманыя заўзятары


У трэцім туры групавога раунда Лігі чэмпіёнаў УЕФА барысаўскі футбольны клуб БАТЭ на сваім полі быў разгромлены данецкім «Шахцёрам» з лікам 0:7. Гэта самая буйная параза лідара беларускага футболу за ўсю 18-гадовую гісторыю.

Усе галы на рахунку бразільскіх легіянераў украінскага клубу. Асабліва адзначыўся нападнік Луіс Адрыяно, 5 разоў патрапіўшы ў браму гаспадароў. Яшчэ два галы забілі Алекс Тэйшэйра і Дуглас Коста, паінфармаваў БелаПАН.

На 85-й хвіліне матчу арбітр перапыніў гульню на тры хвіліны праз расісцкія выкрыкі з трыбунаў у бок бразільцаў.

Дыктар стадыёну «Барысаў-Арэна» Дзяніс Каверын зрабіў аб’яву: «Мы пачулі расісцкія выкрыкі з трыбунаў. Калі гэта працягнецца – матч будзе спынены». Гэта падзейнічала на заўзятараў і матч мог завершыцца, падаў сайт tribuna.com.

«Заўзятары павялі сябе недапушчальна, таму я засмучаны і абураны. Гэта іх не ўпрыгожвае», – скаментаваў форвард Луіс Адрыяно здарэнне афіцыйнаму сайту «Шахцёра» shakhtar.com.

Пасля матчу на «Барысаў-Арэне» міліцыя затрымала 3-ох заўзятараў з Беларусі, падае БелТА. Супраць 9-ці аматараў спорту склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства, з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і непадпарадкаванне міліцыянтам.

Данецкія заўзятары на матчы былі са сцягамі Украіны ды расцяжкамі на ўкраінскай мове. Падчас гульні яны, стоячы, спявалі гімн Украіны.

Да гэтага матчу самую буйную паразу БАТЭ зведаў у 1999 годзе ў матчы кваліфікацыі Кубка УЕФА супраць маскоўскага «Лакаматыву» (1:7).

Цяпер БАТЭ займае 3-яе месца ў сваёй групе з 2 пунктамі пасля «Порту» (7 пунктаў) і «Шахцёра» (5 пунктаў). На апошнім месцы «Атлетык» з 1 пунктам.

Наступны тур адбудзецца 5 лістапада, калі «Шахцёр» у сябе ўдома згуляе з БАТЭ, а «Атлетык» з «Порту».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў