Нафтагазавыя спрэчкі. Мытны саюз – нявыгадны Беларусі


Новы Мытны кодэкс ЕАЭС і кантроль за перамяшчэннем тавараў унутры Еўразійскага рынку. Гэта – афіцыйны парадак дня сустрэчы прэм’ер-міністраў Еўразійскага саюзу, якая стартавала сёння ў Менску.

Найбольшую зацікаўленасць адмыслоўцаў, аднак, выклікаюць перамовы Расеі ды Беларусі ў кулуарах саміту. Як заявіў напярэдадні віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч, бакі маюць дамовіцца аб канчатковым урэгуляванні нафтагазавай спрэчкі.

Зніжку дадаць, нафты дадуць… а што возьмуць?

Расейскі віцэ-прэм’ер Дварковіч задаў тут рэбус для аналітыкаў. Ён такімі алюзіямі і намёкамі гаворыць, што дамо нафту, дамо кампенсацыю на газ, але мы мусім яшчэ шэраг нейкіх пагадненняў падпісаць.

Гаворка – пра аднаўленне аб’ёмаў паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ, якія Расея ў другім квартале сёлета скараціла на траціну. Гэта, паводле афіцыйнага Менску, запаволіла айчынную эканоміку на тры дзясятыя адсотка ад ВУП. Ды выклікала нервовую рэакцыю ўладаў Беларусі.

Цяпер Крэмль абяцае не толькі аднавіць пастаўкі нафты, але і скампенсаваць Беларусі частку цаны за газ у другім паўгоддзі, пры ўмове, праўда, што Менск даплоціць тое, што вінен за першае. Паводле выдання «Коммерсантъ», сума расейскай газавай субсідыі мае скласці каля $ 400 млн сёлета і ўдвая больш налета. Што Масква мае атрымаць ад Беларусі наўзамен, бакі пакуль не раскрываюць.

Ведаючы Дварковіча, ведаючы ягоныя ідэфіксы, можна меркаваць, што магчымы зварот да гэтак-званых пяці інтэграцыйных праектаў. Прасцей кажучы, каб расейскі капітал увайшоў у актывы нейкіх прывабных беларускіх прадпрыемстваў. Раней вялася гаворка пра МАЗ, пра Менскі завод колавых цягачоў.

Беларусі ўсё роўна нявыгадна

Экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч нагадвае, што нават калі Беларусь пойдзе на названыя саступкі ды атрымае абяцаную субсідыю, беларускія вытворцы ўсё роўна застануцца ў нявыгадным становішчы на расейскім рынку. Бо датацыі «Газпрому» расейскім спажыўцам – удвая большыя. Агульныя ўмовы паставак газу краінам Еўразійскага саюзу плануецца ўвесці больш чым праз 8 гадоў.

«Агульнага рынку. Яго перавагаў, аб якіх шмат гаварылася калі мы падпісвалі гэты саюз, няма на самой справе. І ў гэтым плане, безумоўна, тая цана, якую маем сёння на газ і будзе ў далейшым – яна нашую эканоміку не задавальняе», – падкрэсліў Станіслаў Багданкевіч.

Менск, між тым, дагэтуль не перавёў «Газпрому» $ 280 млн, якіх не даплаціў за расейскі газ у першым паўгоддзі. Міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык абяцаў, што гэта зробяць яшчэ на мінулым тыдні. На думку аналітыкаў, гэта азначае, што нафтагазавая спрэчка паміж саюзнікамі да канца не ўрэгуляваная і, калі бакі не прыйдуць да пагаднення сёння, можа ўспыхнуць з новаю сілай.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота – «ИТАР-ТАСС»

Стужка навінаў