Надзвычайны рэжым у Францыі захаваюць да перамогі над «Ісламскай дзяржавай»


Французскі прэмʼер Мануэл Вальс хоча падоўжыць надзвычайны рэжым у краіне, пакуль «Ісламская дзяржава» не будзе цалкам пераможаная.

Ён быў уведзены пасля тэрактаў у Парыжы 13 лістапада, і ўжо падаўжаўся на тры месяцы. Надзвычайны рэжым пашырае паўнамоцтвы паліцыі ў справе правядзення вобшукаў і арыштах у дамах.

«Да тых часоў, пакуль існуе пагроза, мы павінны выкарыстоўваць усе сродкі», – заявіў прэмʼер у інтэрвʼю BBC падчас эканамічнага форуму ў Давосе.

Мануэл Вальс пракаментаваў і праблему ўцекачоў, якая паводле прэмʼера, нясе пагрозу для ўсёй Еўропы. На ягоную думку, Еўропа не можа прыняць усіх, хто ўцякае ад войнаў у Іраку і Сірыі, бо «у адваротным выпадку еўрапейскія грамадствы будуць дэстабілізаваныя».

«Калі Еўропа будзе няздольная абараніць свае межы, востра ўстане пытанне наконт існавання Еўропы», – заявіў прэмʼер.

Надзвычайны рэжым у Францыі заканчваецца 26 лютага. Ён быў уведзены ўпершыню за дзесяць гадоў.

Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд хоча замацаваць у канстытуцыі дзеянні падчас надзвычайнага рэжыму, у прыватнасці пазбаўленне французскага грамадзянства асобаў, што маюць іншае грамадзянства і датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці.

НМ, belsat.eu, паводле BBC

Стужка навінаў