Падчас бойкі на нажах у школе ў Пермі параненыя 15 чалавек


Па меншай меры 12 чалавек – 11 дзяцей і настаўніца – атрымалі нажавыя раненні ў выніку інцыдэнту ў школе № 127 у Пермі, перадае bbc.com.

Пры гэтым спачатку мясцовыя ўлады паведамілі пра напад на школу двух чалавек у масках, але затым СКР заявіў пра бойку паміж навучэнцамі.

Па версіі мясцовага ўпраўлення Следчага камітэта, паміж двума школьнікамі адбылася бойка з прымяненнем нажоў, якую спрабавалі прадухіліць педагогі і навучэнцы.

Прычынай бойкі стаў канфлікт паміж двума вучнямі на глебе асабістых дрэнных стасункаў. У цяперашні час падазраваныя затрыманыя, распачата крымінальная справа па артыкуле аб замаху на забойства двух і больш асоб.

Міністэрства аховы здароўя Пермскага краю паведамляе, што ўсяго ў выніку інцыдэнту пацярпелі 15 чалавек, 12 з якіх былі дастаўлены ў шпіталі, некаторыя з іх у цяжкім стане.

У паліцыі паведамілі, што адзін з падазраваных раней знаходзіўся на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры.

Раней мясцовыя ўлады паведамлялі, што на школу быў здзейснены напад. У міністэрстве тэрытарыяльнай бяспекі Пермскага краю заяўлялі, што вучняў атакавалі двое невядомых у масках.

У ведамстве таксама ўдакладнялі, што ўсяго ў школе падчас інцыдэнту знаходзіліся 743 чалавекі – 698 дзяцей і 45 дарослых. У цяперашні час усе яны эвакуяваныя, школа ачэплена супрацоўнікамі паліцыі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў