Надзея Саўчанка запаўняе дакументы для экстрадыцыі ва Украіну


Надзея Саўчанка

Сястра ўкраінскай лётчыцы заявіла, што начальнік СІЗА ў Новачаркаску выдаў ёй ўвесь неабходны пакет дакументаў для экстрадыцыі ва Украіну.

У каментары ТСН Вера Саўчанка паведаміла, што Надзея пачала запаўняць паперы, аднак асцерагаецца, што іх могуць выкарыстаць для этапавання.

Паводле сястры Саўчанкі, стан ейнага здароўя ў норме, яна можа нармальна харчавацца. Толькі ёсць праблема з нагамі – яны ацякаюць з-за парушэння функцыянавання нырак.

24 красавіка Пётр Парашэнка заявіў, што дамовіўся з Пуціным пра вызваленне лётчыцы цягам бліжэйшых тыдняў. Аднак ейны адвакат Марк Фейгін выказаў сумнеў, што яна зможа вярнуцца дадому да канца траўня.

Яшчэ адзін абаронца Саўчанкі Ілля Новікаў мяркуе, што Саўчанку экстрадуюць у другой палове траўня.

«Падобна на тое, што дамоўленасці прэзідэнтаў Парашэнкі з Пуціным, пра якія абвешчана тыдзень таму, выконваюцца. Ёсць шанец, што Надзея будзе ўдома ўжо ў другой палове траўня», – напісаў адвакат у «Facebookʼу».

Працэс вызвалення Саўчанкі пачнецца пасля 25 траўня, калі ўступіць у сілу прысуд асуджаных ва Украіне расейскіх ГРУшнікаў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары