Надзея Саўчанка: Украіна страціла 100 метраў зямлі на карысць Беларусі


Народная дэпутатка Украіны заявіла таксама, што азёры Валыні спусташаюцца, бо арашаюць беларускія палі.

У вялікім інтэр’ю выданню «Главком» Надзея Саўчанка прызналася, што «не адчувае ўлады», а праблемы, з якімі да яе прыходзяць людзі – гэта «пытанні ўзроўню прэзідэнта».

«Дэмаркацыя мяжы з Беларуссю, якую пачаў Кучма і падпісаў Януковіч, прайшла несправядліва – мы страцілі 100 метраў сваёй зямлі, – сказала Надзея Саўчанка. – Азёры Валыні спусташаюцца, яны аддаюць ваду для арашэння палёў Беларусі. У мяне няма той улады, каб я магла вырашыць такія праблемы. Улады, якая ў мяне ёсць, недастаткова для навядзення парадку ў краіне».

  • Сённяшняя беларуска-ўкраінская мяжа была ўсталяваная пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, а Заходняй Украіны – да УССР. Каб мяжу прызнала міжнародная супольнасць, абедзве краіны пачалі расстаўляць на мясцовасці памежныя слупы 13 лістапада 2013-га. Майдан, які распачаўся ўва Украіне праз два тыдні, а пасля вайна на ўсходзе замарозілі дэмаркацыйныя працы да 2015-га.
  • Сёлета ў красавіку Пятро Парашэнка заявіў, што «дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы будзе завершаная бліжэйшым часам».
  • Працягласць мяжы Беларусі і Украіны – 1084 км.

Саўчанка заявіла, што збіраецца балатавацца ў прэзідэнты. Паводле дэпутаткі, для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі «трэба няшмат: 2,5 млн грыўняў – каб зарэгістравацца».

«Адкрываецца адмысловы фонд і шчыра кажацца: я збіраю грошы на прэзідэнцтва, – кажа Саўчанка. – Я буду браць удзел, а што далей – будзе бачна».

ДД

Стужка навінаў