Надзея Саўчанка правяла ў Кіеве акцыю, каб паскорыць абмен палоннымі на Данбасе


Акцыя «Не кідай сваіх» з патрабаваннем хутчэйшага вызвалення грамадзянаў Украіны з сепаратысцкага палону прайшла ў цэнтры Кіева.

Народная дэпутатка Украіны Надзея Саўчанка заклікала прыйсці да Адміністрацыі прэзідэнта вызваленых з палону вайскоўцаў і сваякоў жаўнераў, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні ў сепаратыстаў, каб разам патрабаваць ад уладаў паскорыць працэс вызвалення ўкраінцаў з рук баевікоў.

Выступаючы перад прысутнымі, Надзея Саўчанка заявіла, што працэс вызвалення палонных вымагае паскарэння, бо цяпер ён займае некалькі месяцаў.

«Прэзідэнт мусіў ужо даўно выпрацаваць рэальны механізм абмену людзей… Гэта трэба спрашчаць, і гэта можна спрашчаць, і не трэба піярыцца, не трэба казаць, што гэта цяжка – гэта не цяжка», – сказала дэпутатка, выступаючы на мітынгу.

У акцыі ўдзельнічала крыху больш за 100 чалавек. Удзельнікі мітынгу звярнуліся да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з просьбай зрабіць канкрэтныя крокі дзеля вызвалення людзей. Падпісаны ўдзельнікамі ліст Саўчанка сама пастанавіла аднесці ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Дэпутатка таксама падкрэсліла, што працягвае галадоўку, каб дамагчыся вызвалення ўкраінскіх грамадзянаў, якія знаходзяцца ў палоне баевікоў на акупаванай частцы Данбасу і ў Расейскай Федэрацыі.

Саўчанка заўважыла: пасля абвяшчэння галадоўкі яна спадзявалася на тое, што на праблему вызвалення палонных звернуць больш увагі ўкраінскія ўлады, аднак гэтага не адбылося.

«Я лічу, што на мітынг мусілі б прыйсці і народныя дэпутаты, у тым ліку першы віцэ-спікер парламенту Ірына Герашчанка і прэзідэнт Украіны», – сказала Саўчанка.

У канцы траўня лётчыца Надзея Саўчанка вярнулася ва Украіну пасля амаль двух гадоў утрымання ў расейскім СІЗА. У Расеі яе абвінавацілі ў датычнасці да гібелі расейскіх журналістаў і прысудзілі да 22 гадоў калоніі. Сама Саўчанка сцвярджала, што не мае датычнасці да гібелі журналістаў, бо яе выкралі прарасейскія баевікі яшчэ перад іхнай смерцю.

Расейскія ўлады памілавалі Саўчанку і адпусцілі на радзіму. У сваю чаргу Украіна памілавала двух прадстаўнікоў расейскага ГРУ, якіх затрымалі на Данбасе ды прысудзілі да 14 гадоў зняволення за незаконнае перасячэнне мяжы і забойства ўкраінскага вайскоўца.

МЯ, паводле interfax.com.ua

Стужка навінаў