Надзея Саўчанка пачала асабістую палітычную кар'еру


Дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны Надзея Саўчанка выйшла з партыі «Бацькіўшчына».

Пра выхад былой зняволенай Пуціна і дэпутаткі ўкраінскай Вярхоўнай Рады з партыі Юліі Цімашэнка паведаміў сябра парламенцкай фракцыі «Усеўкраінскае аб’яднанне «Бацькіўшчына» Іван Крулько ў эфіры тэлеканалу «ICTV».

«Сапраўды, Надзея Саўчанка выйшла з партыі «Бацькіўшчына», гэта я мушу паведаміць, – сказаў Крулько. – Яна пачала сваю асабістую палітычную кар’еру. Мы як фракцыя не можам казаць пра не сябраў нашай партыі, пра тое, што яна робіць. Дзеянні з намі яна не ўзгадняе».

Паводле словаў дэпутата, адпаведную заяву пра выйсце з «Бацькіўшчыны» Саўчанка зрабіла некалькі тыдняў таму, аднак партыя пастанавіла не распавядаць пра гэта адразу.

Крулько таксама падкрэсліў, што палітычная сіла не мае намеру дыскрэдытаваць Саўчанку.

9-га і 10-га снежня Надзея Саўчанка патаемна спаткалася ў Менску з лідарамі ДНР і ЛНР Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім. Пры гэтым яна ездзіла на перамовы не з дыпламатычным, а асабістым пашпартам, не папярэдзіўшы СБУ пра сваю паездку.

ДД паводле «Украінскіх навінаў»

Стужка навінаў