Надзея Саўчанка аднаўляе галадоўку. Гэтым разам да «пераможнага канца»


Украінская лётчыца, якую незаконна ўтрымліваюць пад вартай у маскоўскім СІЗА, паведаміла пра бестэрміновую акцыю ў сваім адкрытым лісце.

Паводле адваката Надзеі Марка Фэйгіна, яна падала заяву супрацоўнікам ФСВП і ў яе забралі ежу.

Адвакат выклаў ліст украінскай дэпутаткі ў Twitter’ы.

«Я спрабавала ісці на кампраміс і прыпыніла галадоўку. Але ў гонару з сорамам кампрамісаў быць не можа! Таму не магу я спыніцца і спыніць барацьбу… А калі буду гарэць да канца, то запалю сваім агнём яшчэ дзесяць! І толькі так мы ўсе разам зможам спыніць вар’яцтва тых, хто хоча вайны і чужой крыві».

Надзея Саўчанка пачала галадоўку 13 снежня. Украінская лётчыца адмаўлялася ад ежы цягам 80 дзён, праз што ў яе пачаліся сур’ёзныя праблемамі ў працы ўнутраных органаў. На мінулым тыдні да лётчыцы былі дапушчаныя ўкраінскія лекары, якія папярэдзілі яе пра «непажаданасць аднаўлення галадоўкі».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў