«Надыдзе ноч»: фільм з унікальнымі хронікамі з канцлагераў, які рабіў Гітчкок


У Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту гледачы «Белсату» змогуць пабачыць кадры пра нацысцкія злачынствы, што чакалі прэм’еры 70 гадоў.

У Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту гледачы «Белсату» змогуць пабачыць кадры пра нацысцкія злачынствы, што чакалі прэм’еры 70 гадоў.

«Надыдзе ноч» (Night Will Fall), дакументальны, Вялікая Брытанія, 2014 г., рэжысёр Андрэ Сінгер.

1945-ы год, войскі саюзнікаў вызваляюць вязняў канцлагераў. Сідні Бэрстэйн з брытанскага міністэрства інфармацыі атрымоўвае заданне сабраць з вайсковых відэахронік фільм, які зафіксуе нацысцкія злачынствы. У дапамогу сабе ён узяў відэарэдактараў і Элфрэда Гітчкока, які мусіў кіраваць працэсам стварэння фільма.

Але стужка так і не была паказаная. У атмасферы прымірэння ніхто не хацеў паказваць скандальныя кадры. Але цяпер, па прашэсці 70 гадоў, яны сталі асновай для новага фільма. Рэжысёр Андрэ Сінгер падрыхтаваў дакументальны фільм «Надыдзе ноч». Адмыслова для яго ён падрыхтаваў інтэрв’ю з тымі самымі былымі вязнямі, якія трапілі ў фільм Бэрнстэйна, і распавёў пра іх лёс пасля вызвалення.

Вось што напісала пра фільм беларуская спявачка Руся, якая агучвала яго для нашага тэлеканала:

«Ніколі раней я не бачыла такой жудаснай кінахронікі! Брытанскія салдаты, якія цягаюць і пераносяць на руках тысячы целаў памерлых і плачуць ад адчаю, твары людзей, якія чакалі на смерць і раптам атрымалі свабоду, успаміны палонных… шмат чаго. Над гэтым фільмам працаваў Альфрэд Гітчкок (як рэжысёр мантажу) і гэта меў быць яго самы знакаміты дакументальны фільм, але ўлады Брытаніі так і не дазволілі пусціць яго ў пракат, бо фільм раптам стаў палітычна невыгодны. Я моцна і балюча ўражаная дагэтуль, хаця мы скончылі агучваць яго колькі гадзін таму».

Глядзець фільм можна будзе онлайн сёння а 22:40.

Стужка навінаў