Над Мухаўцом, які забяспечвае вадой Берасце, навісла экалагічная пагроза

video

Возера гною, якое ўсё бліжэй да воднае сістэмы. У вёсцы Гарадзец Кобрынскага раёну арганічныя рэчывы з мясцовай фермы пачалі паступова трапляць у раку Мухавец. Пра экалагічную праблему адным з першых паведаміў народны журналіст, кандыдат на дэпутацтва на сёлетніх парламенцкіх выбарах Сяргей Пятрухін.

«Згодна з маёй крыніцай інфармацыі, адтуль нічога не вывозіцца ўжо некалькі гадоў. Раней, так, вывозілася, спецыяльна адкачвалі, але тады не было вось гэтага вялізнага поля экскрэментаў. Таму мая задача як журналіста і грамадзяніна біць ва ўсе званы», – кажа Сяргей Пятрухін.

Гаспадарка «Гарадзец-Агра», пра якую ў адмысловым роліку паведаміў Пятрухін, займае на Кобрыншчыне вялікую плошчу. Толькі раллі тут – 17 гектараў. А таму і гнойных адкідаў назапашваецца багата. Паводле кіраўніцтва гаспадаркі, усю арганіку своечасова вывозяць. Калі не стае ўласнага транспарту – наймаюцца падсобныя арганізацыі, якія і вывозяць гной. А гэта, са словаў намесніка дырэктара Мікалая Вярэніча, 110 тыс. тон арганікі штогоду.

«Былі праблемы, былі да гэтага пытанні. Змянілася пяць кіраўнікоў. Было так, што перацякаў гной. А з гэтага моманту ў нас няма пытанняў», – запэўнівае Мікалай Вярэніч.

Санітарныя правілы для жывёлагадоўчых прадпрыемстваў прадугледжваюць абеззаражанне гною біялагічным метадам шляхам яго працяглага вытрымлівання, часам ад некалькіх месяцаў да года. Менавіта таму на тэрыторыі фермы назапашваюцца азёры з адкідамі, тлумачаць адмыслоўцы. Галоўная ж праблема не ў наяўнасці такіх азёраў, а ў тым, што гной можа трапіць у раку ды справакаваць лакальную экалагічную катастрофу.

«А паколькі з воднай ракі, воднай артэрыі Мухаўца вадазабяспечваецца і Берасце, напрыклад, канешне, важна накіраваць усе намаганні, каб не дапусціць нават пагроз, я ўжо не кажу пра інцыдэнты», – адзначае эколаг, рэдактар берасцейскага «Зялёнага парталу» Аляксей Купрякоў.

Што праўда, з прыходам восені і сезону дажджоў старым фермам не пазбегнуць новых праблемаў, бо вада так ці інакш пачне падмываць гной у сховішчах. Таму галоўная парада ад эколагаў кіраўніцтву гаспадарак – скіроўваць хаця б невялікія грошы на рэарганізацыю гнаясховішчаў ды ачышчальныя збудаванні.

Віталь Бабін

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары