Нацыянальная бібліятэка згасне – увечары Беларусь далучыцца да акцыі «Гадзіна Зямлі»


Беларусь далучыцца да сусветнай акцыі «Гадзіна Зямлі», якая пройдзе 28 сакавіка з 20.30 да 21.30.

Акцыя заключаецца ў тым, каб на адну гадзіну адключыць святло і непатрэбныя электрапрыборы ўдома ці ў офісе, а ў далейшым зрабіць беражлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў прывычкай, падае БелаПАН.

«Гадзіна зямлі – гэта найбуйнейшая экалагічная акцыя ў свеце. Пры дапамозе сімвалічнага дзеяння – выключэння святла – кожны чалавек у любой кропцы планеты можа »прагаласаваць« за здаровую планету», – гаворыцца ў паведамленні таварыства экалагічных арганізацыяў «Зялёная сетка», якое ініцыявала акцыю ў Беларусі.

У межах акцыі ў Менску на адну гадзіну пагасне падсвятленне будынкаў на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў, падсветка Нацыянальнай бібліятэкі, некаторых універсітэтаў, усіх устаноў адукацыі Маскоўскага раёну. У сталічных кавярнях «Ў бар», «Лондан», «Чайны пакой», «Чайны стан», «Чердак», «Туманы» і «Wake up coffee» на адну гадзіну будзе прыглушана ці пагашана святло. Мабільны аператар «МТС» адключыць святло ва ўсіх офісах па ўсёй краіне, а аператар «Velcom» да акцыі ўстанавіў у цэнтрах продажаў і абслугоўвання спецыяльныя кантэйнеры для ўтылізацыі батарэек.

У Гомлі адключыцца падсветка ўсіх будынкаў Цэнтральнага раёну гораду і рэкламная падсветка на цэнтральных вуліцах. Шэраг мерапрыемстваў і канцэртаў адбудуцца таксама ў Горадні, Берасці і Баранавічах.

Міжнародная акцыя «Гадзіна зямлі» праводзіцца па ініцыятыве Сусветнага фонду дзікай прыроды з 2007 года і ахоплівае 7 тысяч гарадоў ва ўсім свеце. У 2014 годзе ў Беларусі за адну гадзіну акцыі было зэканомлена 95.000 кВт.гадз, што эквівалентна спажыванню энергіі цягам цэлага месяца 380 беларускімі сем’ямі ў кватэрах з электраплітамі.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў