Начальніка аддзелу «Мінэнерга» вінавацяць у хабарніцтве


Следчы камітэт скончыў расследаванне крымінальнай справы аб хабарніцтве, якую распачалі супраць начальніка аддзелу РУП «Мінэнерга».

Пра гэта паведамляе афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Менску Марына Дранькова.

Паводле следства, службовая асоба з траўня 2015 па травень 2017 году на тэрыторыі Менску і Менскага раёну за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў кампетэнцыю кіраўніка, брала матэрыяльныя каштоўнасці ў буйным памеры.

Начальнік ведаў пра таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, якія збіралася набываць арганізацыя, як і пра цэнавыя прапановы розных прадпрыемстваў. Гэтую інфармацыю ён паведамляў знаёмай, якая прадстаўляла розныя прадпрыемствы.

За перамогу ў тэндэры абвінавачаны атрымліваў ад знаёмай 10 % ад сумы аплачанай прадукцыі.

Узнагароджанні ад 900 да 2000 рублёў кіраўнік атрымліваў падчас асабістых сустрэчаў. Падчас чарговага атрымання хабару ў $ 500 яго затрымалі праваахоўнікі.

Па выніках расследавання службовую асобу вінавацяць паводле ч.2 арт.430 (атрыманне хабару, у буйным памеры, паўторна) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Былому кіраўніку пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Фігуранта справы змясцілі пад варту. На ягоную маёмасць, кошт якой больш за 220 тыс. рублёў, наклалі арышт.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў