Начальнік міліцыянта Вовы пракаментаваў затрыманне ўладальніка магілёўскай кавярні


Палкоўнік Павел Смірноў, старшыня ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

Максіму Кандраценку заламалі рукі і затрымалі на паўтары гадзіны, бо ён «не дапамагаў міліцыянтам разабрацца ў сітуацыі».

Пасля публікацыі «Белсатам» гісторыі незаконнага затрымання ўладальніка магілёўскай кавярні на дзіцячым свяце, сітуацыю пракаментаваў палкоўнік міліцыі УУС Магілёўскага аблвыканкаму Павел Смірноў.

Паводле афіцэра, 22 чэрвеня а 19:20 да патрулю, што нёс службу на вуліцы Ленінскай, звярнуўся 24-гадовы магілёвец, які пражывае гэтай вуліцы з жонкай і 10-цімесячны сынам.

Мужчына паскардзіўся супрацоўнікам міліцыі на невядомых яму маладых людзей, якія гучна граюць на гітары, падключанай да сістэмы гукаўзмацнення, у раёне адной з кавярняў на пешаходнай вуліцы Ленінскай, і музыка парушае спакой яго малалетняга сына і жонкі.

«Прыбыўшы на месца, супрацоўнікі звярнуліся да некалькіх хлопцаў і дзяўчатаў, і зрабілі ім заўвагу з нагоды гучнай музыкі, ды ўдакладнілі ў іх падставы для правядзення музычнай імпрэзы, а таксама збору добраахвотных грашовых сродкаў, якія яны праводзілі», – гаворыцца ў заяве.

Паводле палкоўніка, на момант прыбыцця супрацоўнікаў міліцыі, дзяцей там ужо даўно не было. Смірноў кажа, што замест таго, каб дапамагчы разабрацца ў сітуацыі, Кандраценка адмаўляўся падаць свае звесткі або прадʼявіць супрацоўнікам дакументы, якія сведчаць яго асобу.

«Пазней аўтапатруль суправадзіў маладога чалавека ў памяшканне апорнага пункту №6 для высвятлення асобы і далейшага разбору сітуацыі. Пасля высвятлення асобы, а таксама праз адсутнасць іншых падставаў [яго затрымліваць] ён быў адпушчаны», – заяўляе Смірноў.

Палкоўнік піша, што «інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце пра тое, што канфлікт нібыта адбываўся ў прысутнасці або па віне дзяцей-удзельнікаў арт-пляцоўкі на дзіцячым свяце, не адпавядае рэчаіснасці». Аднак, Максім Кандраценка гэтага ў размове з журналістамі не сцвярджаў. Відэа інцыдэнту называецца «Пасля дзіцячага свята», у ім бачна, што дзяцей там няма.

У каментары палкоўніка Смірнова няма ніякай мовы пра спагнанні ў дачыненні да ягоных падначаленых, якія парушылі закон.

Палкоўніку Смірнову цяжка даюцца размовы з журналістамі, але сярод калегаў ён карыстаецца павагаю і любоўю.
Палкоўніку Смірнову цяжка даюцца размовы з журналістамі, але сярод калегаў ён карыстаецца павагаю і любоўю.

«Белсат» звязаўся з Паўлам Смірновым. Той уважліва выслухаў пытанне пра тое, што цяпер чакае міліцыянтаў – і паклаў слухаўку.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары