Начальнік менскай міліцыі, які асабіста кіраваў разгонамі пратэстаў, стаў намеснікам Шуневіча


Аляксандр Барсукоў, які ўзначальваў ГУУС Менскага гарвыканкаму, прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў. Адпаведны ўказ падпісаў 10 лістапада Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Лукашэнка адправіў у адстаўку двух намеснікаў міністраў унутраных спраў.

Віктара Дубаўца вызвалілі ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў – начальніка Дэпартамента фінансаў і тылу са звальненнем са службы ў органах унутраных спраў у запас у сувязі з правядзеннем арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў. Ён прызначаны начальнікам Дэпартамента фінансаў і тылу МУС (не намеснікам міністра).

Лукашэнка таксама вызваліў Аляксандра Кобрусева ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні са звальненнем са службы ў органах унутраных спраў у запас у сувязі з правядзеннем арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў, паведамляе БелТА.

Аляксандр Барсукоў нарадзіўся 29 красавіка 1965 года. Працаваў следчым у Хойніцкім і Веткаўскім РАУС, у менскім АМАПе, займаў кіруючыя пасады ў Цэнтральным РУУС Менску, ГУУС Менгарвыканкаму, УУС Меншчыны і МУС.

Адзначым, што Аляксандр Барсукоў неаднаразова асабіста каардынаваў разгоны акцыяў пратэсту ў Менску. Пасля жорсткага разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года Барсукоў заяўляў, што падчас гэтых падзей пацярпела ў дзясяткі больш міліцыянтаў, чым дэманстрантаў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў