Начальнік Генштабу: «Вучэнні «Захад-2017» не нясуць пагрозы. Да 30 верасня войска РФ выйдуць з Беларусі


Генерал-маёр Алег Белаконеў пракаментаваў ажыятаж вакол вучэнняў «Захад-2017».

Падчас адмысловага брыфінгу ён запэўніў, што да 30 верасня расейскія войскі вернуцца на месцы сваёй пастаяннай дыслакацыі ў Расеі:

«Вучэнні «Захад-2017» маюць выключна абарончы характар. Іх правядзенне не нясе ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краінаў у прыватнасці. Вучэнні дазволяць на практыцы ўдасканаліць механізм сумеснага выкарыстання абароннай інфраструктуры ў інтарэсах гарантавання бяспекі саюзнай дзяржавы.

Пасля заканчэння манеўраў у тэрмін да 30 верасня асабовы склад, узбраенне, вайсковая і спецыяльная тэхніка Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі. А групоўкі войскаў Расейскай Федэрацыі вернуцца на сваю тэрыторыю. І мне ў сувязі з гэтым цікава: пра што будуць гаварыць далей? Для тых, хто ня можа супакоіцца, трэба знайсці нейкую мэту там, наперадзе», – адзначыў Белаконеў.

Таксама ён адзначыў, што калі беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць у вучэннях на тэрыторыі Расеі, ніхто не кажа пра магчымую акупацыі расейскіх вобласцяў.

Белаконеў дадаў, што высновы аб тым, што Беларусь і Расея збіраюцца развязаць вайну з суседзямі «тэндэнцыйныя і несурёзныя выснова».

«4 тысячы вагонаў – гэта паўтары мотастралковыя дывізіі, такімі сіламі зрабіць агрэсію і акупацыю нельга. На такія рэчы здольны толькі параноік і ненармальны авантурыст», – сказаў Белаконеў.

Сёлета вучэнні «Захад-2017» распачнуцца 14-га верасня, удзел у іх возьмуць каля 13-ці тысяч вайскоўцаў. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Саветам бяспекі ў ліпені падкрэсліў, што вучэнні будуць максімальна празрыстыя, і запрасіў назіральнікаў з Еўразвязу, у тым ліку з НАТО.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў