Начальнік ДАІ: Інспектары не павінныя хавацца за кустамі


DAI

Зміцер Карзюк

Кіраўнік Дзяржаўтаінспекцыі Зміцер Карзюк паставіў падначаленым задачу ствараць пазітыўны імідж.

Супрацоўнікі аўтаінспекцыі не павінныя падчас працы на аўтатрасах чакаць кіроўцаў за кустамі або іншымі хованкамі, мяркуе Карзюк.

«Не трэба хавацца за кустамі або іншымі хованкамі. Гэта маё патрабаванне. У супрацоўнікаў ДАІ дастаткова сродкаў кантролю. Гэта служба для людзей. Гэта трэба паказаць», – адзначыў начальнік Дзяржаўтаінспекцыі.

А таксама пералічыў чатыры задачы, якія трэба выканаць для развіцця аўтаінспекцыі.

Першая – прафесійная падрыхтоўка па ўсіх аспектах, пачынаючы ад вядзення адміністрацыйнага працэсу, заканчваючы контраварыйнай падрыхтоўкай. Другая – стварэнне такіх умоваў на дарогах, каб кіроўцы не маглі парушаць правілы, у тым ліку маюцца на ўвазе закругленні, якія не даюць перавышаць хуткасць. Трэцяе – увядзенне большай колькасці сродкаў тэхнічнага кантролю за выкананнем Правілаў дарожнага руху, сярод іншага тут маюцца на ўвазе відэакамеры. І чацвёртае – стварэнне станоўчага іміджу супрацоўнікаў ДАІ.

Зміцер Карзюк узначаліў ДАІ Беларусі ў канцы сёлетняга траўня.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў