Набыць цвікі ў Таджыкістане можна толькі з пашпартам


У Таджыкістане забаранілі продаж некаторых будаўнічых матэрыялаў без пашпарта. Праваахоўнікі тлумачаць, што распараджэнне мае перадухіліць тэракты.

«Калі пакупніку патрэбныя цвікі, матэрыялы з жалеза або карбід кальцыю, то мы просім паказаць пашпарт. Усе дадзеныя аб пакупніку, а таксама нумар яго мабільнага тэлефона запісваем у адмысловы сшытак», – распавядае Нарзула Холікаў з будаўнічага рынка «Варзоб» у Душанбэ.

Міліцыя спраўджвае запісы ў сшытках падчас адмысловых рэйдаў па кірмашах і крамах.

«Нас сурова папярэдзілі – за парушэнне будзе пакаранне. Часам людзей шкада аж да слёз. Скажам, прыязджае жыхар аддаленага кішлака ў горад за цвікамі. Але ў яго няма пашпарта. Шкада, вядома, але нічога не зробіш. Так і вяртаецца ён ні з чым», – кажа прадавец.

Холікаў сцвярджае, што некаторыя пакупнікі адмаўляюцца прад’явіць пашпарт або паведаміць нумар мабільнага тэлефона.

Многія прадаўцы церпяць страты, бо рэдка пакупнік пры паходзе на рынак захопіць з сабой пашпарт.

МУС Таджыкістана заяўляе, што распараджэнне аб забароне рэалізацыі некаторых відаў будматэрыялаў без пашпарта мае перадухіліць тэрарыстычныя напады ў краіне.

«Вельмі часта тэрарысты пры вырабе бомбаў выкарыстоўваюць цвікі і балты. А купляюць гэтыя матэрыялы на рынку», – цытуе аднаго з працаўнікоў МУС радыё «Озоди».

Праваахоўнік, аднак, не тлумачыць, на падставе якога закону выдадзена гэтае распараджэнне. Таксама не зразумела – чаму прадаўцы рынку павінны мець доступ да персанальных звестак грамадзянаў.

ДД

Стужка навінаў