Набыць «Іскандэры». Навошта Беларусі наступальная зброя

video

Яшчэ не сціхлі абмеркаванні падпісанага днямі кантракту на пастаўку дванаццаці знішчальнікаў Су-30, як беларускі амбасадар у Расеі Ігар Петрышэнка ў інтэрвʼю РІА «Новості» распавёў пра магчымасць набыцця нашай краінай зенітных сістэмаў С-400 і тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр». Чуткі, пра тое што Расея хоча размясціць у Беларусі Іскандэры ходзяць ужо больш за 10 год.

Летась Расея размясціла ракетныя комплексы «Іскандэр» у Калілінградскае вобласці. Еўрапейскія палітыкі ў адзін голас назвалі гэты крок Масквы запалохваннем, а генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг заявіў, што альянс не пакіне рашэнне Крамля без адказу. Інфармацыя пра ракеты ў Калінінградзе заспела Польскага міністра замежных справаў Вітальда Вашчыкоўскага якраз на сустрэчы з беларускім візаві Уладзімірам Макеем. Тады шэф беларускае дыпламатыі асудзіў рашэнне Крамля.

«Беларусь выступае катэгарычна супраць развязання праблемаў сілавымі і вайсковымі метадамі. Мы адмоўна ацэньваем тое, што адбываецца цяпер у нашым рэгіёне. Гонка ўзбраення, дадатковыя вайсковыя кантынгенты з Усходу і з Захаду – усё гэта не спрыяе росту бяспекі», – казаў Макей.

«Іскандэр» – зброя прэвентыўнай атакі, то бок нападу. Такія ракеты цалкам разыходзяцца з тым, што напісана у вайсковай дактрыне нашае краіны. Адметна, што нават з пункту гледжання сумеснае абарончае стратэгіі Саюзнае дзяржавы Расеі і Беларусі, «Іскандэры» не даюць нам ніякае выгады. Ракеты, якія ўжо стаяць у Калініградзе пакрываюць тую ж самую тэрыторыю, што і патэнцыйна ракеты з Беларусі. Гэта 80% тэрыторыі Польшчы, кавалак Чэхіі, палова Славаччыны, цалкам Літва Латвія ды Эстонія. Навошта Менску свядома рабіцца пудзілам усёй Усходняй Еўропы?

«У адносінах з Расеяй гэта будзе азначаць яшчэ большую ваенную залежнасць і дэ-факта прысутнасць, бо абслугоўваць будуць расейцы а мы трапляем у залежнасць, – лічыць кіраўнік руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. – У адносінах з Еўразвязам можа разгарэцца дыпламатычны скандал, бо такое рашэнне сяброўскім не назавеш».

Калі Беларусь усё ж вырашыць паставіць на ўзбраенне гэтыя ракеты, то ў самым цяжкім становішчы апынецца ўсё тое ж ведамства Уладзіміра Макея. Нялёгкая гэта задача – весці перамовы з Еўропай пра добрыя адносіны ды супольныя праекты і пры гэтым трымаць суразмоўцу на мушцы.

Ігар Кулей; фота вокладкі – Yuri Smityuk / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары