«Улады элегантна дэманструюць сваю нікчэмнасць». Заяву камітэту па маёмасці пра пачатак працаў па продажы 514 дзяржаўных прадпрыемстваў каментуе эканаміст Леанід Заіка.
Дзяніс Дзюба: Пра што кажа сённяшняя заява дзяржкамітэту па маёмасці аб распродажы прадпрыемстваў, доляй якіх валодае дзяржава?
Леанід Заіка: Гэта крык роспачы. Сітуацыя развіваецца ўжо апошнія пяць гадоў – найдзіўнейшым выпадкам быў продаж недабудаванай гасцініцы ў Пружанах за $ 13. Сённяшняя заява – апошняя частка другога аддзялення Марлезонскага балета.
Чым нам гэта пагражае?
У нас адбіраюць уласнасць, якую стваралі і будавалі ў савецкі час. Хлопцы, якія прыйшлі ўва ўладу дзецьмі, цяпер распрадаюць уласнасць бацькоў.
Чаму гэтая заява гучыць напярэдадні 25-га сакавіка?
Гэта наменклатурная тонкасць. Элегантная дэманстрацыя сваёй нікчэмнасці.
Я не знаходжу ніякіх прычынаў для «сакавіцкай рэвалюцыі» 25-га чысла.
Не думаю, што людзі, якія выйдуць на дэманстрацыю, пратэстуючы супраць улады, усцешацца і набудуць «Белавію», МАЗ ці які-небудзь нафтавы завод за $ 12-15.
Хто будзе асноўным купцом, каму Лукашэнка аддасць прыярытэт, прымаючы рашэнне па продажы прадпрыемстваў?
Калі беларусы будуць сядзець на пліце, набраўшы ў рот вады і чакаць, калі яна закіпіць, гэтыя прадпрыемствы дакладна «прададуць» мне і вам. Беларусы іх купіць не змогуць.
Думаю, што гэтая аб’ява – гэта капялюш-невідзімка: змяняць уласнасць і пераразмяркоўваць плыні прыбытку – даволі складана.
Гэта такі калгасны падыход: «Мы, хлопцы, якія нічога не стварылі, усё прадамо, а вы пацешыцеся, што ўбачыце гэта». Як на футбольным матчы, дзе заўзятары з адным рублём у кішэні глядзяць як дваццаць два доларавыя мільянеры б’юць па мячы. «Вось, беларусы, сядзіце і глядзіце».
Лукашэнка будзе асабіста дзяліць уласнасць як дзеляць торт на Дні нараджэння. Спачатку для сваіх, потым для суседзяў.
Прадаюць і МЗКЦ, і «КБ Радар». Ці не ўдарыць гэта па нашай бяспецы?
Хто вам сказаў, што прадаюць? Пакуль сказалі, што склалі спіс.
Туды могуць уключыць і «Белсат», і майстэрню Васі Пупкіна па рамонце аўтамабільных колаў.
Гэта прынада: будуць глядзець хто тузанецца першым. Расейцы пасмяюцца, але пару закідаў зробяць.
Каму яшчэ патрэбен МЗКЦ? Кітаю. Або НАТА, якое купіць і заўтра яго зачыніць.
Калі разглядаць ваенную бяспеку такой краіны як Беларусь, я не стаў б тут зацыклівацца – ужо ўсё адбылося. Калі прадалі Белпрамбудбанк, прадалі ўсю інфармацыю пра рух таварных плыняў, фінансаў, аб’ёмаў вытворчасці і продажаў. Разумным гэтага дастаткова. А продаж беларускіх ваенных заводаў – гэта задача надзьмуць шчокі і напалохаць ворага.
Калі разглядаць эканамічную бяспеку, тут таксама ўжо зрабілі ўсё, каб яе страціць.
А хто будзе «тузацца»? Каго зандуе Лукашэнка?
Ну ён чакае, што раптам паклічуць у Крэмль і скажуць, што дадуць 5 мільёнаў тон нафты, а ты прадасі МЗКЦ Абрамовічу.
А ці дойдзе ў выніку да здзелак?
Рана ці позна пры такім дурным кіраванні краінай гэта зробяць або сілком, або за ўмоўныя адзінкі.
Калі беларусы будуць цешыцца такім спісам, ім трэба звяртацца ў псіхдыспансер: распрадаюць тое, што стваралася дзесяцігоддзямі, і прадаюць праз уласную няўмеласць і непісьменнасць.
Гутарыў Дзяніс Дзюба